Прэзентацыйную экскурсію па старым Гродне, якую 9 красавіка правяло турыстычнае агенцтва «Дон Кіхот», наведала каля 500 чалавек. Жадаючых даведацца больш пра гісторыю горада падзялілі на чатыры групы, кожная са сваім экскурсаводам.

Арганізатараў здзівіла такая колькасць гараджан, але яны не разгубіліся, а прыцягнулі дадатковых экскурсаводаў. У выніку ўсё групы прайшлі па запланаваным маршруце.

«Кожная група папрацавала асобна, мы толькі раз перасекліся, — кажа прадстаўнік агенцтва Аляксандр Дзікевіч. — Паказалі сінагогу, многія не бывалі ўнутры і не ведалі, што яе так прыгожа рэстаўруюць. Па Каложы вадзіў настаяцель, распавёў шмат фактаў. Але пікам быў арганны канцэрт у кірсе. Усе засталіся задаволеныя.

Мы не чакалі, што людзі так адгукнуцца. Разумею, экскурсія бясплатная, але ж свята, і да таго надвор’е спачатку было не вельмі. Але гэта не перашкодзіла людзям прыйсці і прысвяціць тры гадзіны свайго часу любімаму гораду. Мы будзем рады яшчэ раз сустрэцца з гараджанамі".

Бясплатная экскурсія была для турыстычнага агенцтва прэзентацыйнай. Наступныя экскурсіі, якія будуць праходзіць кожную нядзелю, будуць платнымі. Пачынацца яны будуць пры любым надвор'і ў 11.00 ад рэстарана «Бакст».