Новая частка гандлёвага цэнтра Auchan па вуліцы Гэтманьскай у Беластоку адкрылася 29 сакавіка. Сярод навінак — мультымедыйны куток з вялікімі планшэтамі. Некаторыя наведнікі пачалі выкарыстоўваць іх для прагляду порна.
Чытач газеты Kurier poranny паведаміў, што ў браўзеры на мультымедыйных экранах не блакуецца парнаграфія. Яго маленькая дачка падыйшла да аднаго з планшэтаў і пабачыла акурат такую старонку, якую адкрыў нехта з папярэдніх карыстальнікаў.
Зона чылаўт з каворкінгам з’явілася ў гандлёвым цэнтры гэтай вясной. Тут ёсць бясплатны Wi-Fi, планшэты ды столік з вялікім сэнсарным экранам для прагляду старонак у максімальным памеры.
Пасля інцыдэнту фірма, якая ўсталявала тэхніку, папрасіла прабачэння ў мужчыны і яго дачкі ды нанова наладзіла экраны — цяпер непажаданы змест там блакуецца.