Школьнікі, настаўнікі, гісторыкі і проста гараджане розных узростаў у пятніцу, 7 красавіка, прыйшлі ў парк Жылібера каб высадзіць чарговую партыю раслін і хмызнякоў у батанічным садзе, якім займалася краязнаўца Наталля Канюк. Яна памерла ў пачатку 2017 года.
Сем раслін: дрэвападобны півон, дзве скумпii, рабiнiя, карагана дрэвападобная, лапчатка, а таксама японскi cпірэй, папоўнілі калекцыю сада. Але гэта толькі малая частка са спісу Наталлі Канюк ды самога Жылібера, які ствараў тут першы сад яшчэ ў XVIII стагоддзі.
Гарадскія ўлады, проста гараджане і шэраг прадпрыемстваў зацікаўлены ў адраджэнні сада. Плануецца яго пашырэнне, у бліжэйшых планах высадка чарговых раслін і дрэў. Ёсць верагоднасць, што ўжо восенню ў садзе з’явіцца і свая расліна — жылiберац. Зараз ідуць яе пошукі, у будучыні расліна стане сімвалам саду.
Унук Наталлі Канюк Яўген вучыцца ў школе № 8, якая будзе прыглядаць за батанічным садам. Сам 11-гадовы Яўген распавядае, што мае цікавасць да справы бабулі.
«Мы з ёй шмат шпацыравалі па горадзе, у тым ліку і па парку, і яна распавядала пра легендарны батанічны сад, які быў калісьцi ў Гродне. Яна хацела яго адрадзіць, чым уласна і займалася многiя гады. Я таксама люблю гісторыю і біялогію, планую займацца гэтым садам і буду даглядаць яго».