Год таму ў пары амурскіх тыграў Шэрхана і Тайгі з’явілася папаўненне, што стала незвычайнай з’явай для гродзенскага заапарка. Планавалася, што праз некалькі месяцаў тыграняты адправяцца па міжнароднай праграме ў іншыя звярынцы, але прайшоў год і яны ўсё яшчэ ў Гродне. Таму ў гродзенскім заапарку вырашылі 9 красавіка адзначыць першы Дзень нараджэння рэдкіх жывёл і запрасіць гасцей.
Плануецца, што ў заапарку падрыхтуюць падарункі для імяніннікаў Губерта і Хэльгі, якія павінны будуць пры гледачах іх «разгарнуць».
«Мы ўжо прывыклі да гэтых жывёл і яны нам ужо як родныя. Таму вырашылі зладзіць для іх невялікае свята. — распавядае Святлана Сімановіч, загадчыца аддзялення драпежнікаў Гродзенскага заапарка. — Для нашага заапарка нараджэнне тыгранятаў было вялікай падзеяй. За год яны вельмі адужэлі і сталі сапраўднымі прыгажунамі. Цяпер гродзенцы іх проста не пазнаюць».
Прыблізна з 13 да 14 гадзін супрацоўнікі заапарка падрыхтуюць для імяніннікаў падарункі.