Віталь Дзюк атрымаў позву ў суд Ленінскага раёна на 23 сакавіка, 10.00. Судзіць яго будуць па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне ўсталяванага парадку правядзення масавага мерапрыемства).

— Я звычайны грамадзянін, не з’яўляюся сябрам ніякіх партый, — сказаў Віталь для hrodna.life. — Выйшаў на плошчу падтрымаць марш 15 сакавіка, як і ўсе астатнія людзі. Я быў з бел-чырвона-белым сцягам, які не спадабаўся міліцыі. Ад суду чакаю грашовы штраф або, хутчэй за ўсё, суткі - наперадзе Дзень Волі!

Віталю Дзюку 22 гады, ён часова не працуе. За падобныя правапарушэнні раней да адказнасці не прыцягваўся. Віталь лічыць, што яго хочуць ізаляваць, каб ён, як і астатнія затрыманыя, не трапіў на Дзень Волі ні ў Мінску, ні ў Гродне.


За ўдзел у няўзгодненай мясцовымі ўладамі акцыі супраць Дэкрэту № 3, якая прайшла 19 лютага, арыштаваныя Вадзім Саранчукоў (13 сутак), Ежы Грыгенчы (13 сутак), Сяргей Верамеенка (15 сутак). Іх вызваляць з ізалятара часовага ўтрымання 27 і 29 сакавіка адпаведна. За несанкцыятаваны мірны сход 15 сакавіка атрымаў 13 сутак Аляксандр Лаўрэнцьеў з АГП.

27 сакавіка адбудзецца паседжанне ў Гродзенскім Абласным судзе па скаргах асуджаных на штрафы Вольгі Верамеенкі, Мікалая Саляніка, Галіны Ламашэвіч і арыштаванага Вадзіма Саранчукова.

[irp posts="16 034″ name=""Апошнія дні недаядаю". Чаму студэнты выйшлі на Марш Недармаедаў у Гродне?"]