Сёлета роварны сезон пачынаецца раней, чым звычайна. Некаторыя гродзенцы ўжо выпрабавалі свой двухколавы транспарт ранняй вясной. Зіма для ровара магла прайсці не бясследна, а няправільнае захоўванне магло негатыўна адбіцца на яго тэхнічным стане. Hrodna.life разам з веламайстэрняй «Iгуана» рэкамендуе праверыць асноўныя вузлы ровара перад тым, як адкрываць новы сезон. Правільная прафілактыка забяспечыць бяспеку, камфорт, і задавальненне ад катання.

Колы

Выцягнуўшы ровар з каморы або падвала пасля зімы, перш за ўсё трэба працерці яго ад пылу, праверыць ціск у шынах. За некалькі месяцаў стаяння колы заўважна прыспусцяцца. Трэба іх напампаваць. Веласіпедныя колы, у адрозненне ад аўтамабільных, для нармальнай камфортнай язды пампуюцца не на 2, а на 2,5−3 «атмасферы». Пакруціць колы, праверыць, ці не запавольваюцца занадта хутка, цi не згуснула змазка ва ўтулках, пашатаць колы, праверыць ці добра яны заціснутыя, ці адсутнічаюць люфты. Праверыць люфты ў карэтцы, ці добра заціснутыя педалі.

Ланцуг і тармазы

Агледзець хутчэй за ўсё заіржавелы яшчэ з дажджлівай восені ланцуг. Трэба працерці яго сухой анучай і акуратна вышмараваць маторным маслам. Праверыць стан тармазных калодак, панаціскаўшы на тармазныя ручкі і пераканацца ў працаздольнасці. Пры неабходнасці і наяўнасці шасьцікутнікаў дома падцягнуць тармазныя трасы.

Дастаем ровар (хто не дастаў) і рыхтуем да новага сезону: парады ад веламайстэрні «Iгуана»
Веламеханiк майстэрні «Iгуана» Ансар Кызылалiў спецыяльным ключом правярае знос ланцуга

Перадачы

Падняўшы задняе кола, папераключаць перадачы. Агледзець амартызацыйную вілку на наяўнасць бруду і іржы на нагах, працерці ногі вілкi сухой анучай начыста, трошкі папырскаць на іх сіліконавым спрэем, націснуць некалькі разоў і прапрацаваць вілкай на сціск-адскок. Выкаціць ровар на двор і зрабіць некалькі пробных праездаў, пераключаючы ўсе перадачы, правяраючы ці працуюць пярэдні і задні пераключацелi. Крыху разагнацца і затармазіць, каб праверыць работу тармазоў, прыслухацца да ўсіх старонніх гукаў, якiя выдае ровар.

Правядзем поўны бясплатны агляд

«Пры сумненнях у працаздольнасці пэўных вузлоў і агрэгатаў, гродзенцы могуць звярнуцца да нас у веламайстэрню. Мы правядзем пры іх поўны бясплатны агляд, падпампуем колы, змажам ланцуг, праверым яго знос, агледзім усе вузлы ровара, — распавядае веламеханік „Iгуаны“ Аляксандр Сыраватка. - Гродзенцы ўжо паволі „прачынаюцца“ і звяртаюцца да нас у майстэрню. Цяпер пахаладала — зноў спад, але людзі ўжо выцягваюць ровары і пачынаюць ездзіць. На працу ездзяць, па справах i г. д. Па раніцах яшчэ халаднавата, але днём ужо можна — зусім не холадна катацца. Снег сышоў, тратуары чыстыя».

Гродзенец на ровары ў першыя дні вясны
Гродзенец на ровары ў першыя дні вясны
У пачатку сакавіка гродзенскія велааматары ўжо арганізавалі загарадную пакатушку Гродна-Парэчча-Азёры-Гродна з пікніком на беразе возера Белае. 18 чалавек праехалі каля 90 км.

Пажаданні веласіпедыстам ад веламеханiкаў «Iгуаны»

«Абавязкова заўсёды сачыце за станам ровара. Абавязкова яго трымайце ў чысціні, своечасова чысціце, змазвайце ланцуг, сачыце за яго зносам, за зносам тармазных калодак. Ведайце, што трэба акуратна і асцярожна эксплуатаваць сваю тэхніку.

На дарогах трэба быць узаемаветлівым з пешаходамі i аўтамабілістамі. Не стварайце іншым небяспекі сваім перамяшчэннем на ровары. У цёмны час абазначайце сябе і ровар ліхтарамі.

Жадаем гродзенцам у новым сезоне катацца, пашыраць гарызонты, выходзіць з зоны камфорту, ставіць рэкорды, падарожнічаць на ровары, удзельнічаць у спаборніцтвах, заездах i пакатушках. Ну і пры неабходнасці рамонту, пры паломках цi нават для кансультацыі, можаце заўсёды звяртацца да нас. Будзем рады ўсім дапамагчы, навучыць, пракансультаваць і разам з намі і нашымі сябрамі запрасіць пакатацца".

[irp posts="13 525″ name=""У Гродна вялікі патэнцыял". Экскурсавод Таццяна Касатая пра тое, як зрабіць Гродна зручным для велатурыстаў"]