Выстава польскага мастака беларускага паходжання Міраслава Здрайкоўскага “Былі, ёсць, будзем…” адкрыецца ў Музеі гісторыі рэлігіі 7 сакавіка ў 15.00.

Мастак жыве і працуе ў Беластоку. Нарадзіўся ў 1972 г. у Бельску-Падляскім. У родным горадзе скончыў агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання. Наступны этап творчага ўдасканалення – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў у Мінску.

Міраслаў Здрайкоўскі – аўтар шматлікіх індывідуальных і калектыўных выстаў, ілюстратар вокладак да кніг і дыскаў CD. Усе творчыя пошукі мастака заснаваны на глыбокай адданасці беларускай народнай традыцыі і любові да роднай беларускай мовы.

plakat2_ruczniki_zdrajkowski4Першыя творы да выставы “Былі, ёсць, будзем…” паўсталі пяць гадоў таму. Сваё натхненне для новага цыкла мастак знаходзіць у невычэрпнай народнай крыніцы – у беларускім ручніку. Фармат, кампазіцыя, каларыстыка гэтага цыкла твораў Здрайковскага – усё, як на ручніку, толькі намаляванае фарбамі на палатне. На выставе будуць экспанавацца 18 карцін мастака, сярод якіх цешаць вока краявіды Падляшша: “Жніво”, “Поле, “Буслы”, “Вербы”, “Бельск-Падляскі”… І над усім – “Маці Божая Бельск-Падляская”.

“Быў, ёсць, буду”, – пісаў Уладзімір Караткевіч. За ім жыццесцвярджальна паўтарае Міраслаў Здрайкоўскі: “Былі, ёсць, будзем…”, – даводзячы сваёй творчасцю неўміручасць беларускай народнай традыцыі.

Уваходны білет на выстаўку “Былі,  Ёсць,  Будзем.”:

  • школьнікі – 1 рубель
  • студэнты – 1 рубель 20 капеек
  • дарослыя – 1 рубель 50 капеек

Экскурсійнае абслугоўванне на выстаўцы “ Былі,  Ёсць,  Будзем.” (група да 25 чалавек) – 8 рублёў.

Чытайце яшчэ:  Фотарэпартаж: адчуй атмасферу фестывалю культур у Гродне