Дэпартамент пажарнай бяспекі і выратавання мае намер абсталяваць на паўднёвым усходзе Літвы папераджальныя сірэны, якія б інфармавалі насельніцтва аб магчымай небяспецы ў выпадку інцыдэнтаў на Астравецкай АЭС у Беларусі, піша DELFI са спасылкай на BNS.

Сірэны збіраюцца ўсталяваць у Вільні і Віленскім раёне, Шырвінцкім і Шальчынінкайскім раёнах, усяго — у 150 месцах, якія знаходзяцца ад АЭС прыкладна ў 50 кіламетрах. Устаноўка сірэн уключана ў план дзеянняў праграмы ўрада.

Намеснік дырэктара дэпартамента Юрыс Таргонскас сцвярджае, што сірэны абыдуцца ў суму да трох мільёнаў еўра.

«Калі яшчэ працавала Ігналінская атамная станцыя, у нас таксама вакол была ўкаранёна сістэма папярэджання. Паколькі АЭС будзе знаходзіцца недалёка ад мяжы, зона ўздзеяння будзе на нашай тэрыторыі, мы рыхтуемся папярэдзіць жыхароў», — казаў ён BNS.


Чытай таксама: Калі згасаюць атамныя зоркі. Як заканчваўся лёс суседніх з Беларуссю АЭС


Паводле яго слоў, на праектоўку ў самым дэпартаменце маецца 60 000 еўра з унутраных рэзерваў. Як працы будуць праходзіць далей, паводле яго слоў, будзе залежаць ад волі палітыкаў па вылучэнні сродкаў.

Ён падкрэслівае, што жыхароў будуць папярэджваць як у сувязі з радыеактыўнай небяспекай, так і ў іншых выпадках звычайных здарэнняў.
Сірэны будуць інтэграваныя ў агульную сістэму папярэджання, якая інфармуе жыхароў тэлефоннымі паведамленнямі, калі трэба — і праз нацыянальны транслятар.

Дэпартамент спадзяецца, што сірэны будуць абсталяваны да адкрыцця Астравецкай АЭС.

«Сродкі на абнаўленне сірэн у Літве мы просім ўжо некалькі гадоў. Паколькі гэта праект па ўсёй Літве дарагі, то мы, ведаючы сітуацыю з Астраўцом, аддзялілі ад агульнага праекта асобную частку з некалькіх самакіраванняў, якія ахоплівае Астравецкая зона», — растлумачыў ён.

Урад Літвы сцвярджае, што Астравецкая АЭС, якая будуецца ў 50 км ад Вільні, узводзіцца не ў адпаведнасці са стандартамі бяспекі. Мінск гэтыя папрокі адхіляе.