Трансгранічны пікнік «Польшча-Беларусь» адкрые летні сезон падарожжаў па Аўгустоўскім канале, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскім райвыканкаме.
Адкрыць турыстычны сезон па абодва бакі Аўгустоўскага канала плануюць мерапрыемствамі з 29 красавіка па 1 траўня. Серыя спартыўных і культурных конкурсаў, сяброўскіх сустрэч пройдзе ў раёне шлюза Кужанец з польскага боку (пункт пропуску Лясная-Рудаўка) і шлюза Дамброўка на тэрыторыі Гродзенскай вобласці пад агульнай назвай трансгранічны пікнік.
Гэтыя дні на беларуска-польскім памежжы па берагах воднага шляху запусцяць новыя веламаршруты. Плануецца адкрыццё пашыранай экспазіцыі музея Аўгустоўскага канала.
Беларуска-польскі пікнік у раёне шлюза Дамброўка ў апошні красавіцкі ўік-энд змогуць наведаць усе жадаючыя. Забаўляльнай праграмай на беларускім баку займаецца Гродзенскі райвыканкам. Плануюцца фестываль народных танцаў,
чэмпіянаты Гродзенскай вобласці па турысцка-прыкладным шматбор'і, забаўляльныя сямейныя эстафеты, конкурсы кулінарнага мастацтва.
У райвыканкаме адзначылі, што ў такім фармаце цёплы сезон на канале адкрываюць упершыню. Гэта будзе першае лета,
калі для наведвання беларускай часткі трансгранічнага турыстычнага аб’екта гасцям з Польшчы і дзесяткаў іншых краін не трэба адкрываць беларускія візы. Указ № 318, які дае права замежным турыстам наведваць без віз тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», уступіў у сілу 26 кастрычніка. Паводле звестак упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, турыстычныя фірмы рэгіёну прагназуюць высокую цікавасць замежных гасцей да аб’екта, шмат хто будзе прыбываць праз размешчаны на канале пункт пропуску «Лясная-Рудаўка».