У здраўпункце скідзельскага цукровага завода ў пятніцу, 3 сакавіка, прыблізна 200 чалавек прыйшлі здаць кроў для жанчын, што пацярпелі ў выбуху 25 лютага. Але толькі 89 чалавек змаглі стаць донарамі, астатніх адсеялі па розных прычынах.

Нагадаем, ноччу 25 лютага на цукровым камбінаце ў Скідзелі адбыўся выбух пылапаветранай сумесі. Пяць работніц камбіната (узросту 42−54 гады) атрымалі апёкі (ад 50% цела і вышэй), баратраўмы і былі шпіталізаваны. Пазней тры з іх перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр у Мінску.

«Здаваць кроў жыхары Скідзеля ішлі ахвотна, многія хацелі хоць неяк дапамагчы пацярпелым. Здавалі кроў не толькі работнікі завода, але і звычайныя гараджане. Скiдзельчане, калі пачулі па тэлевізары, што будуць шукаць донараў, адразу ж звярнуліся на завод з прэтэнзіямі, чаму ж іх абышлі бокам і не звярнуліся да іх у першую чаргу, бо ахвочых дапамагчы было вельмі шмат», — распавёў сведка падзей Арцём.