Падчас традыцыйнай выставы «Казюкі» ў Гродне гледачы змогуць убачыць цырымонію пасвячэння ў рамеснікі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Гродзенскага гарадскога аддзела Саюза палякаў на Беларусі [непрызнаванага польскімі ўладамі, але легальнага ў Беларусі - Hrodna.life] Казімір Знайдзінскі.

Галоўная плошча Гродна — Савецкая — 4 сакавіка ператворыцца ў горад майстроў. Тут можна будзе набыць вырабы ручной работы, выкананыя ў розных тэхніках з воўны, гліны, саломы, металу, скуры, тканіны, бісеру. Прычым майстры традыцыйна праводзяць майстар-класы, прапаноўваючы наведвальнікам кірмашу паўдзельнічаць у вырабе сувеніраў, паспрабаваць свае сілы ў каванні або ганчарнай справе.

«Адной з асаблівасцяў цяперашняга кірмашу стане абрад прысвячэння маладых рамеснікаў у майстры. Вядомы гродзенскі бондар Міхаіл Кукса правядзе цырымонію прыняцця моладзі ў гарадзенскую гільдыю рамеснікаў», — адзначыў Казімір Знайдзінскі. Ён падкрэсліў, што цяперашні кірмаш стане адным з самых масавых.

Жаданне прыняць удзел у ім выказалі звыш 150 майстроў з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. З польскага Беластока, у прыватнасці, прыедзе вялікая дэлегацыя як вядомых майстроў, так і выканаўцаў. Бо «Казюкі» славяцца не толькі святочным гандлем. Цырымонію адкрыцця, канцэртную праграму традыцыйна праводзяць на трох мовах — беларускай, літоўскай і польскай. Выступаюць тут і фальклорныя песенныя, танцавальныя калектывы.

Кірмаш даўно стаў адной з самых значных падзей у культурным жыцці горада. Стартуе ён у 11 гадзін і будзе доўжыцца ўвесь светлавы дзень. Арганізатарамі кірмашу выступаюць Гродзенскі гарвыканкам і Гродзенскі гарадскі аддзел Саюза палякаў на Беларусі.

Кірмаш «Казюкі» праводзіцца ў Гродне штогод у памяць аб святым Казіміру — заступніку моладзі, майстроў і рамеснікаў. Святы Казімір быў унукам Ягайлы і сынам кіраўніка Літвы і Польшчы — Казіміра IV. Малады княжыч з роду Ягелонаў пражыў нядоўгае жыццё, памёр 4 сакавіка 1484 года, яго цела з Гродна перавезена ў Вільню. У 1604 годзе Казімір кананізаваны, яго сталі пачытаць як заступніка майстравых людзей.

Мошчы святога Казіміра знаходзяцца ў Віленскім кафедральным саборы. У Літве таксама шырока святкуюць «Казюкі» (Kaziukas), у літоўскіх гарадах і сталіцы праходзяць шматлікія кірмашы рамеснікаў. Галоўнымі атрыбутамі свята лічацца пернікі з урыўкамі з Евангелля і спецыяльна аформленыя галінкі вярбы — «казіміркі».