Гродзенскі спартсмен Яўген Каралёк у канцы лютага выйграў этап Кубка свету па трэкавых велагонках у ЗША. Самае цікавае, што перад стартам гродзенец не ўваходзіў у лік фаварытаў. Але нечакана для ўсiх хлопец здолеў выйсці ў лідары і ўзначаліць агульны залік Кубка свету.
Яўген упершыню ў кар’еры здолеў дамагчыся поспеху на такім высокім узроўні. Раней у большасці спаборніцтваў ён быў на крок ад п’едэстала.
«Я проста шчаслівы, што змог заваяваць менавіта золата. Мне ўвесь час не шанцавала з гэтай гонкай. На маладзёвым чэмпіянаце Еўропы ў Італіі я стаў 6-м, медаль сышла ў мяне на вачах, я быў ад яе ў метры. Таксама здарылася і на Кубку свету ў Галандыі, я тады зрабіў усё што мог, але толькі крыўднае 6-е месца. Менавіта таму я шчаслівы, што нарэшце дабраўся да доўгачаканага медаля, а яшчэ менавіта да залатога».
Каб дамагчыся доўгачаканага выніку Яўгену давялося шмат працаваць. Гродзенец са снежня пачаў падрыхтоўку да спаборніцтваў, трэніраваўся ў любое надвор’е. Дзякуючы сваім намаганням, ён трапіў на этапы Кубка свету.
«Сама гонка ў ЗША далася на адрэналіне. Выходзячы на старт, я чакаў, каб хутчэй далі стрэл, і пасля сігналу мы панесліся. Па гонцы ў групе доўга не затрымліваўся, быў ва ўсіх адрывах, месцамі сціскаў зубы, але хутка аднаўляўся».
Дзякуючы перамозе на этапе, Яўген узначаліў агульны залік Кубка свету ў скрэтчы, дзе на яго рахунку 825 ачкоў. У бліжэйшага пераследніка ірландца Фелікса Iнгліша — 725 балаў. А на трэцяй пазіцыі размясціўся яшчэ адзін беларус — Раман Раманаў (620). Гэтыя вынікі дазваляюць гродзенцу з аптымізмам чакаць красавіцкага чэмпіянату свету ў Ганконгу.
З-за пастаянных збораў і спаборніцтваў у родны Гродна Яўген прыязджае вельмі рэдка. У сярэднім 3−4 разы на год, і то на пару дзён.
«Абавязкова прыязджаю ў сваю школу веласпорту, дзе пачынаў займацца. Вельмі ўдзячны свайму першаму трэнера Міхаілу Міхайлавічу Панасiку за працу са мной. Апошні раз быў у велашколе ў пачатку студзеня, радуе што шмат дзяцей, але адно дрэнна: нічога так і не змянілася за 10 гадоў. Як у школе не было ніводнага трэкавага ровара, так і няма. Вось і адна з прычын, чаму ў Гродне правал з веласпортам».
Даведка
Скрэтч — індывідуальны від велатрэкавай гонкі з масавым стартам. Пераможцам аб’яўляецца спартсмен, які прыйшоў да фінішу першым. Гоншчыкі, якія адсталі на круг, здымаюцца са спаборніцтваў.
Яўген Каралёк з’яўляецца ўладальнікам бронзавага медаля юніёрскага чэмпіянату Еўропы — 2015 у каманднай гонцы пераследу.