Вясна прыйдзе ўжо неўзабаве, а там і не паспеем заўважыць, як наступіць ці не галоўнае вясновае свята Беларусі - Дзень Перамогі. Як адзначалі гэты дзень у савецкім Гродне і як адзначаюць зараз, можна даведацца з вынікаў праекта «Перамога, вызваленне, акупацыя: ваенныя помнікі і ўрачыстасці да 70-годдзя заканчэння вайны на постсавецкай прасторы». Іх прэзентавалі ў канцы 2016 года ў Патсдаме. Коратка гісторыю для Hrodna.life прадставіла Таццяна Касатая.


Ужо другі год запар афіцыйная частка святкавання 9 траўня ў Гародні адбываецца на Кургане Славы. Да траўня 2015 г. Курган рэканструявалі для правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў.

Не толькі ў гонар жаўнераў Вялікай айчыннай

Курган Славы быў урачыста адкрыты ў 1969 г. з нагоды 30-годдзя далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Надпіс ля падножжа Кургана сведчыць, што ён быў насыпаны: «у памяць змагароў за савецкую ўладу, якія загінулі ў гады кастрычнікай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, у барацьбе за ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, а таксама савецкіх вайскоўцаў, партызан і падпольшчыкаў, якія аддалі сваё жыццё за перамогу над фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны». Для сакралізацыі кургана была прывезена зямля з брацкіх магіл з усёй Гарадзенскай вобласці (усяго з 83 месцаў).

Магутнасць і веліч выцяснялі смутак і жалобу

У савецкі час сэнсавае напаўненне курганоў трансфармалася. Традыцыйна на тэрыторыі Беларусі іх узводзілі дзеля захавання магіл ад пашкоджанняў і забыцця, а таксама падтрымання цэласнасці пахаванняў. Курганы былі непасрэдна звязаны з культам продкаў. У савецкі перыяд, не страчваючы сувязь з мемарыяльнымі практыкамі і сакральнасцю, курганы набылі ўніверсальны, больш сімвалічны і манументальны характар. Пры гэтым яны павінны былі праслаўляць дзеянні людзей, ці гістарычныя падзеі.

2015-05-09 10.17.04 Hrodna. 9May (D600)

Гэты пасыл прысутнічаў і ў назве курганоў - Курганы Славы. Смутак і жалоба выцясняліся адлюстраваннем магутнасці і велічы. Недарма побач з Курганам у 1970-я гг. размясцілі экспазіцыю вайсковай тэхнікі, якая да 70-годдзя заканчэння вайны была дапоўнена некалькімі экспанатамі. Амаль уся тэхніка не мае дачынення да Другой сусветнай вайны, яна датуецца пазнейшым перыядам.

Асаблівасць беларускай палітыкі памяці

Адвольнае стаўленне да часу, а таксама да сумяшчэння гістарычных падзей і месца — гэта асаблівасць палітыкі памяці ў Беларусі. Таму падчас святкавання 9 траўня 2015 г. было характэрна нетрываласць і часовасць камемаратыўных [памятных — рэд.] практык. Удзельнікі свята хоць знешне і праяўлялі сакральныя акты ў дачыненні да вечнага полымя, але ў іх адсутнічалі біяграфічная і эмацыйная сувязі з гісторыяй Кургана Славы. Людзі ў асноўным прыстасоўваліся да сканструяванага зверху праграмы святкавання Дня Перамогі, каб праявіць традыцыйныя сацыяльныя практыкі звязаныя з памяццю пра вайну.

2015-05-09 10.56.50 Hrodna. 9May (D600)

Варта адзначыць, што 9 траўня ў Гародні ў 2015 г. быў уключаны ў канон агульнадзяржаўнага свята з прыдатнымі для яго гістарычнымі, сімвалічнымі і культурнымі значэннямі.

Дзень Перамогі быў даволі масавым за кошт адміністрацыйнага рэсурсу, традыцыі (у тым ліку сямейнай), а таксама атракцыйнасці, але свята не набыло характару публічнай прасторы, дзе ў пэўнай дамоўленнасці кожны жадаючы са згоды супольнасці мог бы праявіць адкрыта сваё стаўленне да гэтага дня.


Гэтыя разважанні на тэму месца памяці, помнікаў і Другой сусветнай вайны з’явіліся вынікам рэалізацыі міжнароднага даследчага праекта «Перамога, вызваленне, акупацыя: ваенныя помнікі і ўрачыстасці да 70-годдзя заканчэння вайны на постсавецкай прасторы», які ахопліваў амаль усе постсавецкія краіны. У снежні 2016 г. у г. Патсдаме пры падрымцы фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» адбылася прэзентацыя вынікаў даследаванняў. Сярод тэкстаў ёсць артыкул пра Дзень Перамогі ў Гародні, Менску і Віцебску.