Група яўрэйскіх школьнікаў з Лондана наведала Гродна ў аўторак 21 лютага. Асноўная мэта паездкі - наведаць значныя для яўрэяў месцы. Для кагосцi з групы прыезд на Гродзеншчыну быў не толькі ўшанаваннем памяцi вядомых мудрацоў, але і наведваннем радзімы сваіх продкаў.
У Гродне з самай раніцы госці наведалі сінагогу, дзе правялі заняткі і памаліліся з мясцовым рабінам Іцхакам Кофманам. Пасля група адправілася на яўрэйскія могілкі ў Пышкі, дзе наведала магілы вядомых мудрацоў, а таксама правяла малітву.
«Прыехаць у Гродна і памаліцца — гэта цуд. Нашым групам не заўсёды атрымоўваецца наведаць гэты слаўны горад, а ў гэты раз усё атрымалася. Мы ведаем, што да вайны ў Гродне была вялікая яўрэйская абшчына, імёны выхадцаў з гэтага города вядомыя ва ўсім свеце.
У гэтым годзе мы прывезлі ў Беларусь невялікую групу школьнікаў з Лондана. Згодна традыцыі кожны год старэйшыя класы ездзяць у паездкі па памятных месцах нашага народа. Для іх гэта вельмі пазнавальная паездка. Шмат хто з гэтых хлопцаў у будучыні плануе паступаць у Кембрыдж, Оксфард і іншыя вядомыя універсітэты. Для іх ведаць гісторыю свайго народа вельмі важна", — распавёў гiд групы Элі Шраер.
Амаль для ўсёй групы гэта першы прыезд у Беларусь. Рабін Рувiн Рош, які ўзначальвае групу, адзначыў, што ў Гродне ў пачатку XX стагоддзя жылі яго сваякі, але пасля эмігравалі.
«Мой прадзед родам з Гродна і я першы хто з яго ўнукаў і праўнукаў наведаў гэты горад. Яшчэ год таму я не мог сабе ўявіць, што прыеду сюды. Але ўсё змянілася. Шкада, што толькі на некалькі гадзін прыехалi, але хочацца верыць, што я яшчэ сюды вярнуся, бо яшчэ не ведаю дзе пахаваны мой прапрадзед».
Пасля Гродна група адправілася ў Радунь, Валожын і Мір. Далей англічане працягнуць экскурсію ў Літве. Вярнуўшыся дадому, школьнікі павінны будуць падрыхтаваць матэрыялы пра падарожжа па памятных мясцінах iх народу.