У музеі Петруся Броўкі адкрылася выстава «Маладосць. Беларусь» з праектамі выпускнікоў адукацыйнага курса БАЖ. Удзельніца курсаў Ірына Новік з Гродна распавяла «Новаму часу» пра стварэнне фотасерыі «Бацькі „Паўстанцаў“».
«Маладыя беларусы Антось і Наста Янкоўскія з Гродна жывуць гуляючы, бо гульні сталі для іх і працай, і частай сямейнага побыту, — распавядае пра свой праект Ірына Новік. — Каб выдаць першую прыдуманую гульню „Паўстанцы“, яны скарысталі грошы з вясельных падарункаў. З таго пачаўся сямейны бізнес і гісторыя аўтарскіх беларускіх настолак. Працягам сталі гульні „Мова“, „Гаспадар цмокаў“, „Тры кіты“ ды іншыя. Беларуская мова і традыцыйная культура для Антося з Настай цалкам натуральныя. Нават жаніліся маладзёны ў зробленых уласнаручна народных строях».
Летась бацькі «Паўстанцаў» сталі бацькамі па-сапраўднаму. Сям’ю папоўніў сын Міхась.
На наступны год, да юбілея паўстання на чале з Каліноўскім, Янкоўскія плануюць перавыдаць гульню. Свет пабачаць «Паўстанцы 2.0».
Калі скласці разам увесь час здымкаў, то Ірына «пражыла» ў сям'і Янкоўскіх амаль тыдзень, спрабавала як мага больш усебакова адлюстраваць іх побыт. Наста і Антось — беларускамоўныя ў сям'і і на працы, гадуюць маленькага «паўстанца» Міхася. На фота можна пабачыць, як ён гуляе ў беларускія гульні ды цацкі, як вітае бацьку, якога пабачыў праз вакно, як Наста ў вольны час вышывае копію традыцыйнай кашулі. Здымкаў у Ірыны было вельмі шмат, некалькі тысячаў, адабраць з іх 10, што экспануюцца ў музеі, было вельмі няпроста. Увазе чытачоў НЧ — пашыраны варыянт фотапраекту.
Заняткі доўжыліся месяц, праходзілі ў Мінску, таму Ірына штосуботы прыязджала з Гародні ў сталіцу. Куратарамі курса былі Сяргей Балай (Мінск, фотарэдактар парталу naviny.by) і Міхаіл Дамажылаў (Санкт-Пецярбург, фотамастак). Як адзначыў на адкрыцці выставы Сяргей Балай, гэта быў надзвычай кароткі курс, усяго 4 сустрэчы (звычайна займаецца з групай па некалькі месяцаў), і ён да апошняга занятка не верыў, што нешта атрымаецца. Удзельнікам прапанавалі паказаць маладую Беларусь, якой яны яе бачаць.
«Група была досыць рэпартажная. Фатографы спрабавалі зламаць унутры сябе пэўныя стэрэатыпы падачы візуальнага матэрыялу. Кожны праект, паказаны на выставе, можна здымаць далей, рабіць кнігі, мультымедыя, здымаць кіно, удзельнічаць у конкурсах. Удзельнікаў яшчэ чакае занятак у Вільні, дзе ім распавядуць, як гэта ўсё лепш рабіць», — кажа Сяргей Балай.
Марына Загорская, ідэйная натхняльніца курсу, з ім пагаджаецца: «Добра, калі ёсць ідэя, але павінны быць інструменты для яе ўвасаблення і прасоўвання. Каб гэта быў не проста фотарэпартаж, фотагісторыя, а сапраўды фотапраект».
Дырэктарка музея Петруся Броўкі Наталля Мізон, вітаючы гасцей, адзначыла: «Пятрусь Усцінавіч заўсёды вельмі прыслухоўваўся да маладых, раіў, дапамагаў. Таму і нам сёння вельмі істотна ўбачыць і пачуць, што нам хочуць сказаць маладыя».
На адкрыцці выставы сябра Праўлення ГА «БАЖ» Жана Літвіна павіншавала фатографаў і адзначыла, што гэта падзея не толькі ў іх творчым жыцці, а і ў жыцці грамадскай арганізацыі. Заўжды цікава паглядзець на звыклую штодзённасць вачыма маладых калегаў, задумацца, чаму яны падымаюць тыя ці іншыя пытанні.
Сярод тэм, якія раскрывалі фатографы, — гульнёвая залежнасць і абмежаванасць прасторы штодзённага існавання, міласэрнасць, любоў і каханне, пераезд у вялікі горад і яго схаванае жыццё.
З 20 лютага фотапраекты будуць выстаўляцца на сайтах baj.by і naviny.by.
Выставу можна паглядзець у Літаратурным музеі Петруся Броўкі (вул. Карла Маркса, 30).
Музей працуе з панядзелка да суботы ўключна, з 10 да 17.30. Кошт квітка — 1,5 рублі.
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…