У Міжнародны дзень дзяцей хворых ракам, 15 лютага, прайшоў першы ў Беларусі прабег ракавых і здаровых клетак. Арганізатары – Цэнтр ПОРА і фітнес-цэнтр “Адрэналін” – такім чынам падтрымліваюць 13-гадовага Яраслава Пазняка, які сутыкнуўся з анкалогіяй.
Удзельнікі прабегу былі загрыміраваныя пад здаровыя і ракавыя клеткі арганізма. Акрамя гэтага, на шляху ў ракавых клетак стаялі спецыяльныя перашкоды – сімвалы таго, што перамагае анкалогію і дапамагае чалавеку справіцца з захворваннем.
“Гэты прабег – метафара таго, што адбываецца ў арганізме хворага дзіцяці, клеткі якога вядуць барацьбу за выжыванне. Такім прабегам мы вырашылі прыцягнуць увагу грамадскасці да гісторыі хваробы гродзенца Яраслава Пазняка. Хлопчыку патрабуецца сур’ёзная аперацыя ў Італіі. Пакуль ёсць час, нам важна сабраць неабходную суму”, – распавяла дырэктар цэнтра ПОРА Ганна Ждановіч.
Больш падрабязна пра гісторыю хваробы Яраслава Пазняка можна даведацца ў афіцыйнай групе цэнтра ПОРА.










