Саліст гурта Brutto Віталь Гуркоў перад выступам у Гродне пагутарыў з журналістамі і распавёў пра тое, як яму ўдаецца сумяшчаць спорт і музыку, а таксама чаму для многіх ён — добры прыклад для пераймання.
Перад канцэртам Віталь па Гродне пагуляць не паспеў, але затое ў Лядовым ён сустрэў сваіх сяброў, якія падарылі яму кепку. У ёй Гуркоў потым выступаў.
[irp posts="11 606″ name=" Мы вярнуліся надоўга". Brutto выступіў у гродзенскім Лядовым"]
— Адразу з Брэста прыехалі на пляцоўку ў Гродна і пагуляць па горадзе не атрымалася. А так у Гродне я часта бываю, у параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі. Тут у мяне шмат сяброў, сярод іх — баец Дзіма Варац. Перад канцэртам з ім таксама сустрэўся. Раней у Гродне я ведаў больш добрых байцоў, але цяпер я пакуль не магу назваць акрамя Дзімы каго-небудзь яшчэ, я прапусціў спартыўнае жыццё горада за апошнія два гады.
А вы самі з пачаткам тура паспяваеце трэніравацца?
— Я не сканчаў нават. І я не бачу праблем у сумяшчэнні спорту і выступаў у гурце. Мне гэта выдатна дапамагае. Мы і з хлопцамі трэніруемся. Напрыклад, наш Пеця за той час як мы ў Brutto стаў качком. У Гродне я не займаўся, бо канцэрт выпаў на нядзелю, а гэта афіцыйны адпачынак у спартсменаў.
Якія ў вас планы на будучыню?
— У бліжэйшых планах рыхтавацца да канцэртаў тура, а таксама да будучага чэмпіянату свету па тайскім боксе.
Вы вярнуліся, якую місію ці заданне вы бачыце ў гэтым вяртанні? Што вы павінны цяпер зрабіць для Беларусі?
— Я ўпэўнены, што нашы выступы ў Беларусі адбываюцца не выпадкова і калі так яно здарылася, значыць для чагосьцi гэта вышэйшым сілам было патрэбна. Значыць, я яшчэ не ўсё зрабіў. А так мы патрыятычна настроены.
Ці гатовыя вы стаць героямі, якія аб’яднаюць беларусаў, накшталт таго, як гэта зрабілі «Акіян Эльзы» ва Украіне?
— Лідарамі мы даўно былі, але не героямі. Героі паміраюць, а мы яшчэ жыць хочам. І я не хачу каб мой партрэт ператварыўся ў графіці на сцяне. Я ўпэўнены, што магу быць прыкладам для моладзі. Я добры хлопец — не п’ю і не палю, патрыятычна настроены.
Вы камунікуеце на рускай мове, але пазіцыянуеце сябе беларускамоўным хлопцам, чаму?
— Я сябе не пазіцыяную як беларускамоўнага — гэта вы мяне так пазіцыянуеце. Я магу на любой мове размаўляць і не замарочваюся наконт гэтага. Сям’я ў мяне рускамоўная, але дзякуючы вялікаму асяродку беларускамоўных сяброў, так і прышчапілася ў мяне беларуская мова.