Пасля выхаду матэрыяла аб сумным становішчы Музея гарадскога побыту справы ў яго гаспадара Януша Паруліса крыху палепшалі. Людзі ахвяравалі грошы “на першы час” і пачалі прыходзіць турысты. Нядаўна завітала невялікая група студэнтаў з краін Азіі і Афрыкі.
“Да мяне раней прыходзілі турысты з краін Еўропы і былога СССР, – распавядае Януш Паруліс. – Але так здалёк – упершыню. Не кожны гродзенец быў у мяне, а тут аж з Ганы, Мальдыў і Шры-Ланкі завіталі”.
Дзве беларускі і тры замежніка прыйшлі ў музей пасля таго, як прачыталі артыкул пра яго праблемы.
“Ведаю, што гэта месца неўзабаве будзе перабудоўвацца, – кажа гродзенка Дар’я. – Хацелася паспець убачыць усё як ёсць зараз”
“Гэта самы незвычайны музей, які я бачыла ў жыцці, – распавядае Дрына, студэнтка з Ганы. – Не думаю, што дзесьці ў свеце ёсць нешта пабоднае. Тут столькі рэчаў у такім маленькім памяшканні, што можна прыходзіць хоць сто разоў і кожны раз бачыць нешта новае”.
“Мяне ўразіў не толькі і не столькі музей, хаця там ёсць што пабачыць, як сам пан Януш, – узгадвае шры-лынкіец Дэні. – Ён так натхнёна распавядаў аб усіх рэчах, што тут, хочаш не хочаш, але гісторыя пачынае табе падабацца. Больш за ўсё запомнілася старая скрыпка. Але расказваць сваім унукам я буду, хучэй, пра гаспадара, чым пра экспанаты”.
“Я не вельмі добра ведаю гісторыю еўрапейскіх краін, у тым ліку Беларусі, таму мне шмат чаго было незразумела, – тлумачыць студэнт з Мальдзіў Сэмуэл. – Але мне вельмі спадабалася – тут ўсё так незвычайна, шмат незразумелых старых рэчаў, а самае цікавае, што гаспадар дазваляе ўсё падрабязна разглядаць і нават патрымаць у руках”.


