У Гродзенскім абласным тэатры лялек 14 лютага адкрыюць «тэатральны загс», паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі тэатра.
Незвычайны загс будзе працаваць толькі адзін дзень, падчас святочнага вечара да Дня святога Валянціна, які лялечны тэатр штогод адзначае творча.
Закаханыя госці змогуць здзейсніць жартоўны шлюб і нават атрымаць сведчанне пра яго. Галоўнай падзеяй вечара стане пастаноўка Love story, падчас якой абяцаюць рамантычны шпацыр па патаемных кутках душы. Гледачы ўбачаць на сцэне розныя гісторыі пра каханне.
Трупа тэатра прапануе працягнуць вечар у цёплым коле пад гукі жывой музыкі, наведаць фотазоны, сфатаграфавацца з німфамі або паспрабаваць прыадчыніць завесу будучыні. Можна будзе ўбачыць велізарную валянцінку з пажаданнямі і прызнаннямі ў каханні тысяч гарадзенцаў.
Супрацоўнікі тэатра збіралі іх на працягу двух тыдняў падчас адмысловай акцыі праз сацыяльныя сеткі і пошту.