15 аматараў зімовай язды ў нядзелю 12 лютага ўзялі ўдзел у спаборніцтвах «Гарачы лёд — 2017», якія праходзілі на пляцоўцы ДАІ ў Панямунi. Спаборніцтвы былі адкрытыя для ўсіх гродзенцаў, у каго ёсць аўтамабіль, правы і тэхагляд.

Гоншчыкам трэба было праехаць па тры кругі (даўжыня кожнага — 700 метраў) на хуткасць па заснежанай, а ў некаторых месцах ледзяной трасе, упісваючыся пры гэтым у стромкія павароты. Кіроўцы з лепшым часам былі ўзнагароджаны арганізатарамі.

Як распавёў галоўны суддзя спаборніцтваў Павел Мікалаевіч, такія мерапрыемствы вучаць кіроўцаў адчуваць сябе ўпэўнена на дарозе ў зімовых умовах.

«Два гады запар у нас не было падобных спаборніцтваў, даводзілася ўвесь час пераносіць. Але ў гэтым годзе, дзякуючы снегу і марознаму надвор’ю, нам удалося нешта арганізаваць. Магу сказаць, што цікавасць да такіх спаборнiцтваў у гродзенцаў ёсць — 15 удзельнікаў у гэтым годзе. Варта адзначыць, што такія спаборніцтвы вучаць кіроўцаў адчуваць аўтамабіль у зiмовых i слізкіх умовах, а таксама разлічваць траекторыю і хуткасць руху».