16 лютага ў Стартап-школе Гродна выступіць Аляксандр Золатараў- сузаснавальнік MAPS.ME (афлайнавыя карты для падарожнікаў) і VibroBox (маніторынг і дыягностыка стану прамысловага абсталявання).

Больш за 15 гадоў Аляксандр займаецца рознымі праектамі ў галінах апрацоўкі дадзеных, мабільнай распрацоўкі і сеткавых камунікацый.

Яго велізарны інжынерны вопыт выдатна дапаўняецца кіраўнічымі і бізнес-навыкамі, вандроўкамі і актыўнай цікавасцю да біятэхналогій і медыцыны. Пад кіраўніцтвам Аляксандра MAPS.ME пашырыў сваю каманду і функцыянал, выйшаў на самаакупнасць і набраў першыя 2,5 мільёны карыстальнікаў, што прывяло да паспяховай здзелкі з Mail.Ru.

Зараз Аляксандр укладвае свой вопыт, грошы і час у VibroBox, дапамагаючы праекту выйсці на міжнародны ўзровень.

На мітапе Стартап-школы Гродна Аляксандр Золатараў раскажа:

* Самае важнае, што варта і што не варта рабіць у пачатку праекта
* Як сфарміраваць каманду праекта
* Аналіз рынку: правільныя пытанні
* Як асабістае развіццё дапамагае вашаму праекту
* Адказы на пытанні ўдзельнікаў

Мітап пройдзе ў канферэнц-зале ў Доме навукі і тэхнікі (вул.Горкага, 72). Пачатак у 18:00.

Уваход на мерапрыемства вольны, але колькасць удзельнікаў абмежавана, таму рэгістрацыя абавязковая.

Стартап-школа — гэта рэспубліканскі праект дзелавой нефармальнай адукацыі і развіцця стартап-супольнасці. Яна дапамагае беларусам эфектыўна прайсці шлях ад бізнес-ідэі да бізнес-праекта, ад бізнес-праекта да дзеючага бізнесу.

Усе заняткі Стартап-школы Гродна праводзяцца Гродзенскай абласной установай фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва ў партнёрстве з грамадскім аб’яднаннем «Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу» (ТСІБ), у рамках праекта «Стварэнне ўстойлівай инфаструктуры для падтрымкі развіцця стартапаў і малога бізнесу ў рэгіёнах Беларусі», які рэалізуецца ТСІБ пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

[irp]