Абураныя каментары гродзенцаў выклікала высечка вялікіх таполяў каля прадпрыемства «Белкард» па вул. Перамогі. Дрэвы спілавалі вечарам у нядзелю 5 лютага. Як патлумачыў Гродзенскаму Зялёнаму парталу галоўны энергетык ААТ «Белкард» Віталь Смольнікаў, ёсць небяспека, што старыя дрэвы ўпадуць на гарадской магістральны газаправод.

«Гэтая небяспека існуе даўно: мы 5 гадоў таму пачалі падымаць пытанне і пісаць у гарадскую ЖКГ, каб распачалі меры. Тэрыторыя, дзе раслі дрэвы, не адносіцца да заводу, аднак галіны, што падалі пасля ураганаў, давалі зразумець небяспеку такога суседства», — растлумачыў Віталь Смольнікаў.

Таполі былі высаджаны яшчэ да ўвядзення нарматыву высадкі дрэў не бліжэй, чым 2,5 метра ад газаправода.

Таполі да спілоўвання
Таполі да спілоўвання
Як патлумачыла інжынер Гродзенскай гарадской ЖКГ Вольга Дырында, дрэвы былі паражаныя амелай і мелі сухія галіны. Гарвыканкам узгадніў дазвол на спілаванне дрэў. Самой ліквідацыяй таполяў займаліся прыватныя асобы па замове Гроднагаргаза.
Іншых запытаў на падобныя дзеянні па зносе дрэў у гарвыканкам не паступала. Усе дзеянні былі ўзгоднены з Гродзенскім камітэтам прыродааховы. Створаная камісія палічыла таполі нездаровымі, таму кампенсацыйных выплат у бюджэт не прадугледжваецца. Кампенсацыйныя пасадкі дрэў таксама не прадугледжаныя.

Каштаны на тэрыторыі завода будуць заставацца: іх ніхто не будзе чапаць.