Матч паміж лідарамі чэмпіянату “Нёманам” і “Юнацтвам”, які праходзіў у Гродне 31 студзеня, скончыўся перамогай мінскай каманды. Гродзенцы ў гэты вечар на сваёй пляцоўцы нічога не змаглі прапанаваць свайму суперніку і заслужана прайгралі.
Старт матчу застаўся за гасцямі, але забіць хуткую шайбу “Юнацтву” не ўдалося. Толькi ў сярэдзіне перыяду, калі “Нёман” пачаў выраўноўваць гульню, у адным з момантаў мiнчане здолелі вызначыцца. Пасля перадачы Ногачова, шайбу трапіла ў канёк Развадоўскаму і заляцела выпадковым чынам у вароты “Нёмана”.
Пасля прапушчанай шайбы гаспадары гулялі ў большасці і маглі адыграцца, але каманда Сяргея Пушкова гэтага не зрабіла.
Пасля перапынку зноў актыўнічала мiнская каманда. Сваю другую шайбу “Юнацтва” забіла на 28-й хвіліне, вызначыўся Туркін. А праз 10 хвілін госці наогул робяць лік 3:0 на сваю карысць, праўда, трэнерскі штаб “Нёмана” і гледачы не былі згодныя з голам, спасылаючыся на тое, што Яфіменка парушыў правілы пры ўзяццi варот. Але пасля прагляду паўтору, суддзя гол не адмяніў.
У трэцім перыядзе гродзенцы здолелі размачыць вароты “Юнацтва”. Зрабіў гэта за 10 хвілін да канца асноўнага часу Кіслы, але на большае гродзенцаў не хапіла.
“Нёман” – “Юнацтва” 1:3 (0:1, 0:2, 1:0)
галы:
10.57 0:1 – Развадоўскі (Кагалёў, Нагачоў)
28.09 0:2 – Туркін (Кагалёў, Яфіменка,- бол.)
38.54 0:3 – Яфіменка (Парфеявец, Туркін)
49.08 1:3 – Кіслы (Дарафееў, Пасют, – бол.)
Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў адзначыў, што мiнская каманда ў гэтай гульні заслужана перамагла.
“Гульня была цікавая. Хоць у нас і былі свае праблемы: на працягу двух перыядаў абсалютна нічога не атрымлівалася ў атацы. «Юнацтва» вельмі добра разбіралася ў момантах, перакрывала ўсе выхады з зоны, нам проста было не зачапіцца.
Спрабавалі змяніць гульню, прымусіць рабят гуляць – вельмі шмат было пракатаў, мала адзінаборстваў ў зоне атакі – гэтага нам не хапала, каб зачапіцца ў нападзе.
Толькі у трэцім перыядзе сталі дзейнічаць вастрэй, шайба часцей даводзілася да варот. Лічу, «Юнацтва» заслужана перамагло, cупернiк гуляў нашмат лепш у атацы”.
Перамога “Юнацтва” над “Нёманам” дазволіла мiнскай камандзе зноў адарвацца ў турнірнай табліцы. Цяпер у сталiчнай дружыны 90 ачкоў, а “Нёман” так і застаўся на другім месцы з 83 ачкамі ў актыве.
Наступную гульню “Нёман” таксама правядзе ў Гродне. У чацвер, 2 лютага, каманда Сяргея Пушкова будзе прымаць салiгорскi “Шахцёр”.





