У суботу 28 студзеня ў Гродне прайшоў пяты па ліку турнір Беларусі па айсштоку. Спаборніцтвы, якія прайшлі на адкрытай лядовай пляцоўцы на БЛК сабралі аматараў і знаўцаў незвычайнай гульні з Гродна, Мінска і Брэста.

Усяго на турніры было прадстаўлена 6 каманд. Гродзенцы, як гаспадары спаборніцтваў? выставілі 3 дружыны: дарослую, моладзевую (СШ № 7) і каманду «Валуны», складзеную з супрацоўнікаў мясцовага аддзялення «Белінвестбанка».

Усе ўдзельнікі правялі па пяць годных гульняў. Але поспех у гэты дзень быў на баку больш дасведчаных брэсцкіх каманд. Берасцейцы перамаглі ўсіх супернікаў з Гродна і Мінска. У фінальнай гульні сышліся брэсцкія «Будтрэст № 8» і «Бізоны», першыя і здолелі выйграть турнір.

Трэцяй стала дарослая каманда Гродна, чацвёртае месца дасталася камандзе Мінска, пятае — у моладзевай каманды СШ № 7, Пачаткоўцы турнiру — «Валуны» — занялі шостае месца.

Усiх пераможцаў турніру ўзнагародзілі кубкамі, дыпломамі і медалямі. Таксама каманды-ўдзельніцы атрымалі каштоўныя падарункі і сувеніры ад спонсара спаборніцтваў «Белдзяржстраха».

Даведка

«Айсшток» пачаў распаўсюджвацца ў паўночных краінах ужо ў 16 стагоддзі. Шмат хто называе яго баварскім кёрлінгам, але паміж імі шмат адрозненняў. У айсштоку, назва якога пайшла ад снарада, які выкарыстоўваецца ў гульні, адсутнічае важны элемент кёрлінгу — так званыя «мяцёлкі». Ды і вага самога снарада значна менш — не больш за 3,9 кг.

Айсшток — камандны від спорту, першапачаткова створаны для гульні на ледзяной пляцоўцы памерам 30 на 3 метра. Гульцы па чарзе кідаюць на лёд шток — спецыяльны спартыўны снарад. Мэта гульні - кінуць снарад так, каб ён, у залежнасці ад разнавіднасці гульні, спыніўся як мага бліжэй да мішэні альбо праляцеў як мага далей.