Пра ганаровага сябра «Аховы птушак Бацькаўшчыны» згадваюць на сайце «Птушкі штодня» сябры і калегі.
Пайшоў з жыцця калега, сябар і нефармальны настаўнік многіх з нас Георгій Васільевіч Гулеўскі, якога большасьць сяброў і знаёмых ведала як проста Жоржа… Жорж быў сапраўдным Натуралістам, які не толькі шмат ведаў і ўмеў назіраць, але і меў талент цікава паказаць і распавесці пра прыроду іншым — нават тым, хто быў далёкі ад яе…
Нарадзіўся ён 18 чэрвеня 1941 году ў Курскай вобласці.
У 15 год на першыя заробленыя грошы купіў ружжо і бінокль, бо з дзяцінства яго прыцягвала прырода.
Праз год, калі ўжо вучыўся ў ПТВ, бацькі хацелі купіць яму касцюм, але ён у краме ўбачыў першае савецкае фотаружжо і настаяў, каб купілі менавіта яго, а не вопратку. З таго часу і пачалося яго бясконцае фотапаляванне, якое змагла прыпыніць толькі смерць…
Спачатку Георгій спрабаваў сумяшчаць фотапаляванне з паляваннем, але ў рэшце рэшт перамаглі фотаздымкі.
Пасля арміі працаваў у Краснаярскім краі, на Далёкім Усходзе ля возера Ханка, у Тульскай вобласці, пакуль, нарэшце, на запрашэнне сястры жонкі сям’я не пераехала ў 1971 г. ў Гродна. Спачатку ўладкаваўся на хлебакамбінат, але яго артыкулы пра прыроду ў «Гродзенскай праўдзе», якія заўсёды ілюстраваў ўласнымі фотаздымкамі, прыцягнулі ўвагу кіраўнікоў мясцовага тэлебачання, куды ён і быў запрошаны ў 1972 годзе. Тры наступныя гады працаваў фотакорам, а калі там з’явілася першая відэакамера, пачаў асвойваць прафесію аператара.
Так і застаўся працаваць на Гродзенскім абласным ТБ да сыходу на пенсію — аператарам, а апошнія 2 гады і кіраўніком — вядучым прыродазнаўчай праграмы для дзетак «Леснічоўка Катафея».
Акрамя прафесійнай дзейнасці праз увесь час працягваў здымаць прыроду, і асабліва птушак на фота- і кінакамеру. У канцы 1970х для студыі Беларусьфільм, удзельнічаючы ў комплекснай экспедыцыі Інстытуту заалогіі АН па вывучэнні Палесся, зняў дзвюхсерыйны фільм «Рэдкія птушкі Палесся». 30 год яго здымкі друкаваліся ў часопісе «Прырода Беларусі», а апошнія гады — у «Лесавіку» і «Роднай прыродзе».
Яго нарысы пра нашу прыроду, якія Жорж заўсёды ілюстраваў уласнымі фотаздымкамі, шмат гадоў выходзілі на старонках «Гродзенскай праўды», «Міліцэйскага весніку» і іншых рэгіянальных газет. Напэўна, не будзе вялікай памылкай сцвярджаць, што на іх вырасла не адно пакаленне гарадзенцаў.
Удзельнічаў у афармленні 10 кніг і фотаальбомаў, яго інфармацыя выкарыстана пры падрыхтоўцы Чырвонай кнігі Беларусі 1993 г.
Асабліва значным аказаўся яго ўнёсак у заснаванне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры» у 1990 годзе, бо ён выступіў ініцыятарам яго стварэння і прадставіў шмат сваіх фаўністычных і батанічных рэгістрацый для абаснавання. І амаль да самай смерці розныя куткі «яго» заказніка заставаліся самымі любімымі і пад час іх наведвання Жорж быў або задаволены з нечаканай ці доўгачаканай сустрэчы з «мясцовымі жыхарамі"-жывёламі, або засмучаны з-за стратаў у мясцовай расліннасці або жывёльным свеце…
Савет Гродзенскага абласнога таварыства АПБ вырашыў прысвяціць сваю сёлетнюю канферэнцыю, якая адбудзецца 25−26 лютага, памяці Георгія Васільевіча Гулеўскага.
Светлая Табе памяць, Жорж! І няхай справа Твая жыве.
Сябры і калегі
"Пяльменная 1961" пачала працу на Савецкай, 23 у суботу, 22 лютага. Установа адкрылася на тым…
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…