Пра ганаровага сябра “Аховы птушак Бацькаўшчыны” згадваюць на сайце “Птушкі штодня” сябры і калегі.
Пайшоў з жыцця калега, сябар і нефармальны настаўнік многіх з нас Георгій Васільевіч Гулеўскі, якога большасьць сяброў і знаёмых ведала як проста Жоржа… Жорж быў сапраўдным Натуралістам, які не толькі шмат ведаў і ўмеў назіраць, але і меў талент цікава паказаць і распавесці пра прыроду іншым – нават тым, хто быў далёкі ад яе…
Нарадзіўся ён 18 чэрвеня 1941 году ў Курскай вобласці.
У 15 год на першыя заробленыя грошы купіў ружжо і бінокль, бо з дзяцінства яго прыцягвала прырода.
Праз год, калі ўжо вучыўся ў ПТВ, бацькі хацелі купіць яму касцюм, але ён у краме ўбачыў першае савецкае фотаружжо і настаяў, каб купілі менавіта яго, а не вопратку. З таго часу і пачалося яго бясконцае фотапаляванне, якое змагла прыпыніць толькі смерць…
Спачатку Георгій спрабаваў сумяшчаць фотапаляванне з паляваннем, але ў рэшце рэшт перамаглі фотаздымкі.
Пасля арміі працаваў у Краснаярскім краі, на Далёкім Усходзе ля возера Ханка, у Тульскай вобласці, пакуль, нарэшце, на запрашэнне сястры жонкі сям’я не пераехала ў 1971 г. ў Гродна. Спачатку ўладкаваўся на хлебакамбінат, але яго артыкулы пра прыроду ў “Гродзенскай праўдзе”, якія заўсёды ілюстраваў ўласнымі фотаздымкамі, прыцягнулі ўвагу кіраўнікоў мясцовага тэлебачання, куды ён і быў запрошаны ў 1972 годзе. Тры наступныя гады працаваў фотакорам, а калі там з’явілася першая відэакамера, пачаў асвойваць прафесію аператара.
Так і застаўся працаваць на Гродзенскім абласным ТБ да сыходу на пенсію – аператарам, а апошнія 2 гады і кіраўніком – вядучым прыродазнаўчай праграмы для дзетак “Леснічоўка Катафея”.

Акрамя прафесійнай дзейнасці праз увесь час працягваў здымаць прыроду, і асабліва птушак на фота- і кінакамеру. У канцы 1970х для студыі Беларусьфільм, удзельнічаючы ў комплекснай экспедыцыі Інстытуту заалогіі АН па вывучэнні Палесся, зняў дзвюхсерыйны фільм “Рэдкія птушкі Палесся”. 30 год яго здымкі друкаваліся ў часопісе “Прырода Беларусі”, а апошнія гады – у “Лесавіку” і “Роднай прыродзе”.
Яго нарысы пра нашу прыроду, якія Жорж заўсёды ілюстраваў уласнымі фотаздымкамі, шмат гадоў выходзілі на старонках “Гродзенскай праўды”, “Міліцэйскага весніку” і іншых рэгіянальных газет. Напэўна, не будзе вялікай памылкай сцвярджаць, што на іх вырасла не адно пакаленне гарадзенцаў.

Удзельнічаў у афармленні 10 кніг і фотаальбомаў, яго інфармацыя выкарыстана пры падрыхтоўцы Чырвонай кнігі Беларусі 1993 г..
Асабліва значным аказаўся яго ўнёсак у заснаванне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Азёры” у 1990 годзе, бо ён выступіў ініцыятарам яго стварэння і прадставіў шмат сваіх фаўністычных і батанічных рэгістрацый для абаснавання. І амаль да самай смерці розныя куткі “яго” заказніка заставаліся самымі любімымі і пад час іх наведвання Жорж быў або задаволены з нечаканай ці доўгачаканай сустрэчы з “мясцовымі жыхарамі”-жывёламі, або засмучаны з-за стратаў у мясцовай расліннасці або жывёльным свеце…

Актыўна прымаў удзел у жыцці Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ: улічваў вяртлявых чаротавак на балоце Грайна, удзельнічаў у многіх гонках за птушкамі (Birdrace`ах), Сусветных днях назірання, фотавыставах, пісаў у абласны бюлетэнь “Кабец” і іншых нашых справах…

Георгій Васільевіч быў сябрам Усесаюзнага арніталагічнага таварыства, потым сябрам Беларускага арніталагічнага таварыства і Заходне-Беларускага таварыства аховы птушак. Пасля заснавання ў 1998 годзе, быў актыўным сябрам АПБ, з 2006 году – ганаровы сябра гэтай грамадскай арганізацыі.
Савет Гродзенскага абласнога таварыства АПБ вырашыў прысвяціць сваю сёлетнюю канферэнцыю, якая адбудзецца 25-26 лютага, памяці Георгія Васільевіча Гулеўскага.
Светлая Табе памяць, Жорж! І няхай справа Твая жыве.
Сябры і калегі


