З 23 студзеня футбольны клуб «Нёман» афіцыйна выйшаў з адпачынку. Да першых трэніровак, якія праходзяць на штучным полі ЦСК «Нёман», прыступіла больш за 25 футбалістаў. У асноўным гэта ўсе гродзенскія гульцы, якія былі ў мінулагодняй камандзе, а таксама тыя, якія вярнуліся з арэнды.

Футбалісты, якія прыступілі да трэніровак, амаль усе прайшлі медабследаванне і актыўна рыхтуюцца да новага сезона. Ёсць і навабранцы, з якімі хутчэй за ўсё гродзенскі клуб падпіша кантракты. Гэта паўабаронцы Валерый Жукоўскі і Андрэй Якімаў, а таксама нападаючы Максім Яблонскі.

4
«Натуральна, каманда мае патрэбу ва ўзмацненні, а менавіта ў лініі абароны. У нас з’ехаў Уладзіслаў Касмынiн ва Узбекістан, а таксама не працягнулі супрацоўніцтва з Сяргеем Сасноўскім, магчыма, ён яшчэ вернецца ў каманду, толькі ўжо не ў якасці гульца. Арцём Васькоў перайшоў у латвійскі „Вентспілс“, Сяргей Ражко адправіўся ў „Віцебск“. Няма ў камандзе і Філіпа Рудзіка, ён зараз разглядае іншыя варыянты, але ёсць верагоднасць, што ён яшчэ вернецца ў Гродна», — распавядае галоўны трэнер «Нёмана» Iгар Кавалевiч.

2
Зноў у арэнду гродзенцамі ўзятыя гульцы Моладзевай зборнай Уладзіслаў Клімовіч і Яраслаў Яроцкі. З 1-га лютага да «Нёмана» павінен будзе далучыцца і камерунскі паўабаронца Бебе, якому прапануюць новы кантракт.

Трэніруецца актыўна з камандай і Дзмітрый Кавалёнак, які гэты сезон дакладна будзе гуляць. Ігар Кавалевіч кажа, што футбаліст не мае намеру заканчваць кар’еру, ды і ён яшчэ патрэбен камандзе.

Таксама разам з «Нёманам» падтрымлiвае форму і гродзенскі футбаліст Сяргей Лявіцкі, які ў мінулым сезоне абараняў колеры «Слуцка». З будучым у футбаліста пакуль нічога не вядома.

«Былі нашы футбалісты на праглядах, але вярнуліся. Аляксандр Анюкевич быў у славацкiм «Ружомберке» (Д1), але бакі не прыйшлі да пагаднення, і футбаліст вярнуўся ў Гродна. Такая ж сітуацыя і з Яўгенам Савасцьянавым, які пасля прагляду ў салiгорcкiм «Шахцёры» вярнуўся дадому. Трэніруецца з камандай і Павел Савіцкі. Капітан працягне пакуль супрацоўніцтва з клубам. Тыя варыянты, якія паступалі Паўлу, не задаволілі як яго, так і «Нёман».

8

Ігар Кавалевіч адзначае, што ўсе футбалісты выйшлі з адпачынку здаровымі і з жаданнем працаваць. З 30-га студзеня каманда засяляецца ў санаторый «Нёман», дзе правядзе свой першы збор. Ужо на 4-га лютага ў каманды намечаны першы спарынг-матч у сталіцы супраць ФК «Мінск». З 9 па 11 лютага гродзенцы прымуць удзел у зімовым турніры «Белазавец-2017» у Жодзіне. А 15-га лютага «Нёман» згуляе з «Гомелем», месца правядзення матча яшчэ не вядома.

«Такія планы ў каманды на бліжэйшы час. Ёсць верагоднасць, што ў лютым правядзем матч супраць якога-небудзь суперніка ў новым манежы ў Гродне, але ўсё будзе залежыць ад яго запуску».