У гістарычным цэнтры Гродна з’явяцца інфармацыйна-турыстычныя стэнды. Яны зроблены ў выглядзе пюпітраў і будуць знаёміць гасцей горада з гістарычнымі аб’ектамі, а таксама дэманстраваць іх першапачатковы выгляд, паведамляе Гродзенская праўда.
Як распавяла намеснік старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша, плануецца ўстанавіць каля пятнаццаці такіх пюпітраў. На іх будуць размешчаны старыя фота аб’ектаў і знакавых месцаў горада, а таксама кароткія гістарычныя даведкі. Стэнды дапамогуць турыстам больш падрабязна пазнаёміцца з Гродна, сфармаваць цэласнае ўяўленне пра яго, як пра горад-музеі, а таксама дапамогуць арыентавацца на мясцовасці, карэктаваць свой экскурсійны маршрут. Пюпітры з’явяцца на вуліцы Замкавай, на плошчы Савецкай, на скрыжаванні вуліц Парыжскай Камуны і Маставой, на плошчы Леніна, на вуліцы Дарвіна, у Каложскім парку і ў іншых кропках гістарычнага цэнтра горада.
Кароткія даведкі аб аб’ектах падрыхтаваны аўтарытэтнымі гісторыкамі і ўзгоднены са спецыялістамі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Тэкст будзе прадстаўлены на рускай і англійскай мовах. Сама ж канструкцыя пюпітра выканана ў адпаведнасці са стылістыкай вуліц старога Гродна. Для іх вырабу ўжыты супрацьвандальныя матэрыялы.