Адна з самых папулярных тэмаў апошніх дзён у Беларусі - каўбаса з баброў. Ужо больш за 11 000 чалавек выступіла супраць гэтай ідэі міністэрства лясной гаспадаркі, падпісаўшы петыцыю. Hrodna.life даведаўся, чаму гродзенцы падпісваюць зварот у абарону жывёл.

1

Таццяна

Я супраць гэтай ідэі, і не толькі таму, што вегетарыянка, а таму што гэта глупства і неэтычна. Людзі і так забіваюць велізарную колькасць жывёл дзеля сваіх мэтаў. Мы самі ўжо даўно парушылі гармонію прыроды, мы знішчалі адны віды, тым самым павялічваючы папуляцыю іншых. А потым не ведаем лепшага выхада, як адстрэльваць тых звяроў, якія выйшлі з-пад кантролю.

Бабры не прыносяць так шмат шкоды, як нам спрабуюць даказаць. Было зафіксавана ўсяго пару выпадкаў сур’ёзных праблем, але з-за гэтага знішчаць жывёл, з-за таго, што іх нібыта занадта шмат? Давайце тады і з сабак каўбасу рабіць, і з котак фарш круціць, вунь іх як шмат на вуліцы.

Колькі баброў трэба забіць за адзін дзень на вытворчасці? Прыйдзецца за тыдзень баброў у чырвоную кнігу запісаць.

2

Павел

Я аматар розных мясных вырабаў, але не разумею, каму патрэбна гэтая каўбаса з баброў? На маю думку, трэба гандляваць тым, што самі вырасцілі, а не жывёламі з дзікай прыроды. Людзям і так хапае мяса, а зараз пачынаюць нешта выдумляць. Гэта няправільна, і я супраць таго, каб баброў пускалі на мяса.

3

Юля

Мне, як вегетарыянцы, галоўнае, каб менш жывёл елі. Для мясаедаў ежы хапае: свініна, курацiна, ялавічына. А калі яны хочуць чагосьці арыгінальнага, то для іх ёсць і каніна, і аленіна, і нават зубрацiна. Але пускаць у масавую вытворчасць яшчэ баброў, я лічу няправільна. Як я разумею, жывёл будуць браць з дзікай прыроды. На маю думку, гэта рабiць нельга. Нельга каб чалавек умешваўся ў дзiкую прыроду. Яна на сваім узроўні можа сама ўсё адрэгуляваць.

Кожны чалавек сам вырашае, што яму есці, а што не. Але я вельмі сумняваюся, што ёсць такі чалавек, які не пражыве без бабровага мяса. Жыццёвай неабходнасці ў гэтым няма. Усё гэта будзе як забаўка і камерцыя.


4

Стас

Я лічу што жывёлы, як і людзі, нашы сябры і суседзі на гэтай зямлі. Выкарыстанне адных у ежу з мэтай абжорства іншых — блюзнерства. Бабры выконваюць велізарную ролю ў прыродзе і іх выкарыстанне ў каўбасе не рацыянальна, бо ёсць шмат раслінных кампанентаў з якіх можна зрабіць каўбасу — соя, пшаніца, сачавіца і іншае. Гэта карысна і смачна.


5

Таня

Гэтая ідэя мне здаецца дурной, калі не абсурднай. Няўжо чалавецтву настолькі голадна сёння, каб ужываць у ежу яшчэ і баброў? Нават калі гэтым бедным жывёлам так ці інакш прыйдзецца загінуць, бо яны нібыта перашкаджаюць людзям, то ці не лепш проста пакінуць у спакоі іх целы? Не разумею я гэтай задумы і не ўхваляю, хоць і не вегетарыянка.

2

Яраслаў

Відавочна, гэтая ідэя навеяная крызісам і дэфіцытам. Калі бабры не драпежнікі, то гэта апраўдана. Аднак існуе i маральны бок. Элементарна шкада ўсе віды жывёл. У баброў не самая інтэнсіўная папуляцыя, ды і ўласна мяса ў іх трохі. Разводзіць іх у фермах наўрад ці атрымаецца, бо гэта дзікія жывёлы, а паляваць на іх — абсурд. Я люблю мяса, але супраць забойства баброў.