Цягам бліжэйшых месяцаў сеймавая Камісія па сувязях з палякамі за мяжой зоймецца, між іншым, падрыхтоўкай візыту ў Беларусь. У сярэдзіне траўня група польскіх дэпутатаў плянуе туды накіравацца, каб пазнаёміцца з патрэбамі беларускіх палякаў. Пра гэта заявіў кіраўнік камісіі Міхал Дворчык (Michał Dworczyk) ад кіроўнай партыі Права і справядлівасць, паведамляе Польскае радыё.
У чацвер 12 студзеня Камісія па сувязях з палякамі за мяжой абмеркавала план працы на бліжэйшыя шэсць месяцаў. Паводле Дворчыка, адным з важнейшых пунктаў гэтага плану з’яўляецца менавіта трохдзённая паездка ў Беларусь.
«Камісія традыцыйна два разы на год з’яжджае за мяжу, каб пазнаёміцца з патрэбамі нашых суайчыннікаў. У мінулым паўгоддзі мы пабывалі ва Украіне. Цяпер, па запрашэнні старшыні Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс, мы збіраемся ў Беларусь», — падкрэсліў Міхал Дворчык. Ён дадаў, што ў склад групы ўвойдзе 10−15 дэпутатаў.
Дворчык таксама паведаміў, што на наступным тыдні з падобнай мэтай група польскіх дэпутатаў адправіцца ў Вялікабрытанію па запрашэнні тамтэйшага міністра замежных спраў.