Гродзенец Вадзім Фралоў узняўся на самы высокі пункт Антарктыды з 4 на 5 студзеня 2017 году, піша s**boda.org. Гара Вінсан — апошняя з вяршыняў свету, якая не была скораная беларусамі.

Што беларусаў дагэтуль не было на вяршыні гары Вінсан (яе вышыня 4892 метры), С**бодзе пацвердзілі ў Беларускай федэрацыі альпінізму. На астатніх самых высокіх пунктах усіх кантынентаў беларусы ўжо адзначаліся.

«Украінцы былі, армяне былі… У Антарктыдзе — усе былі, акрамя беларусаў, — сказаў Вадзім Фралоў С**бодзе. — Трошкі крыўдна было за радзіму».

Фралоў займаецца альпінізмам другі год. Але ўжо паспеў скарыць дзве сусветныя вяршыні: Кіліманджара ў лютым 2016 году і Вінсан — тыдзень таму. У ягоных планах — узняцца на вяршыні ўсіх сямі кантынентаў свету. Ніводзін беларус пакуль не мае такога дасягнення.

«Самым складаным будзе Эверэст, — сказаў Фралоў. — Там пасля 8,5 тысячы метраў ідзеш па зоне смерці. Але гэта ў планах. Цяпер яшчэ адыходжу ад Антарктыды».

Гара Вінсан з борта самалёта
Гара Вінсан з борта самалёта