«Калядная казка пра Казу і Пятра» прыедзе на радзіму аўтара Ігара Кузьмініча ў Гродна. Прэм’ерны паказ адбудзецца ў святочны вечар на «Шчодрыка» 13 студзеня ў Лютэранскай кірсе.
Гэта супольны праект гурту «VURAJ» і тэатральнага праекту Андрэя Саўчанкі. У праграме: музычны спектакль, калядныя гульні, танцы, спевы, конкурсы ды іншыя забаўкі з прыемнымі падарункамі.
Пра спектакль
Раней на зямлі амаль не было Зімы і Ночы. Таму што руплівая Каза сябравала з Сонцам і не давала яму адпачываць. Аднойчы яе сустрэў заможны гаспадар Пятро. Запрасіў Пятро Казу да сябе ў дом, бо была ў яго адна бяда — не было ў іх з жонкай дзетак. А ведаў Пятро, што Каза шчасце прыносіць. Пагадзілася Каза. А далей…
Аўтарам «Казачкі пра гандляра Пятра, Казу і Каляды», якая лягла ў аснову тэатральнай часткі ялінкі, з’яўляецца Ігар Кузьмініч.
Прыходзьце і прыводзьце сваіх дзетак у святочных строях. На імпрэзе будуць вызначацца ўладальнікі самых арыгінальных і цікавых святочных строяў, якія атрымаюць падарункі ад «Арт Сядзібы» і крамы symbal.by.
Адрас: Будынак Кірхі ля Старога парку, вул. Акадэмічная, 7а
Рэгістрацыя і замова квіткоў па тэл.: +375 (29) 8 689 882