У пятнiцу 6 студзеня на вуліцы Ажэшкі атрад хуткага рэагавання Беларускага Чырвонага Крыжа выставіў пункт абагрэву. Мэта валанцёраў - сагрэць гродзенцаў гарачай гарбатай у халоднае надвор’е і пры неабходнасці аказаць першую дапамогу.
Рэгіянальны каардынатар па першай дапамозе і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі гродзенскага Чырвонага крыжа Валерый Краеўскі расказаў Hrodna.life, што акрамя гарбаты людзi змогуць абагравацца ў спецыяльнай палатцы.
«Калі на вуліцы -20°С, мы стараемся выходзіць і дапамагаць гродзенцам на вуліцах. Калі -15°С, то мы выязджаем на патруляванне і дапамагаем кіроўцам, у якіх на дарозе паўсталі складанасці».
Спецыяльны пункт абагрэву на Ажэшкi будзе стаяць да ночы.