У Гродзенскім заапарку жыве сімвал будучага года — агністы певеньПятровіч. Напярэдадні Новага года ўвечары на плошчы Леніна з ім можна зрабіць фота. А яшчэ ён прадказвае будучыню.
Пятровіч — певень в’етнамскай пароды кохiнхiн. Ён паводзіць сябе вельмі спакойна, што не характэрна для такіх птушак. Заатэхнік Гродзенскага заапарка Лілія Більдзя распавяла, што дзякуючы мяккаму характару яго і выбралі сімвалам года.
«Пятровічу пашанцавала, у нас ён самы прыгожы і самы пакладзiсты. Пеўням не ўласціва быць спакойнымі, але наш — асаблівы. Мне здаецца, гэта таму што ў яго няма сваіх курачак. Калі б яны былі, можа ён паводзіў бы сябе па-іншаму».
Працуе Пятровіч каля трох гадзін па вечарах на плошчы Леніна. Каб певень прадказаў будучыню, у міскі з рознымі подпісамі сыплюць корм. Міску з якім надпісам будзе дзяўбці Пятровіч, тое і збудзецца. Птушка пераважна прадказвае добрае здароўе.
Забаўляць гродзенцаў Пятровіч будзе да 15 студзеня. У цёплы час певень будзе цешыць дзяцей i дарослых на спецыяльнай пляцоўцы ў заапарку.