Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчаюць конкурс праектных ідэй, скіраваных на спрыянне мясцоваму і рэгіянальнаму развіццю па ўсёй Беларусі.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе неабыякавыя, хто займаецца паляпшэннем культурніцкай і сацыяльнай прасторы ў сваім населеным пункце або рэгіёне і спрыяе паглыбленню супрацоўніцтва розных супольнасцяў.

Калі ў вас ёсць ідэя, якая:

— можа зрабіць лепшым жыццё ў вашай мясцовасці агулам ці для нейкай групы людзей;

— яднае актыўных жыхароў для вырашэння грамадска важных пытанняў;

— умацоўвае ідэнтычнасць, у тым ліку праз пашырэнне ведаў пра нашу гісторыю і культуру, пра родны горад або рэгіён;

— матывуе да адказнасці за лёс свайго населенага пункта;

— развівае крэатыўны падыход да ажыццяўлення задумаў;

— павялічвае патэнцыял грамадскіх актывістаў;

— дапамагае наладзіць кантакты розным групам паміж сабой і з дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі,

дасылайце заяўку на скрыню: razam@budzma.org з пазнакай «На конкурс ідэй».

Хто можа ўзяць удзел:

— любыя непалітычныя ініцыятывы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці;

— дзяржаўныя ўстановы і камерцыйныя арганізацыі;

— фізічныя асобы, крэатыўныя каманды.

Заяўка мусіць утрымліваць:

— імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;

— назву, мэту і сутнасць праекта (да 700 словаў);

— мэтавыя аўдыторыі (чаму і каму гэты праект неабходны);

— чаму ідэя ўнікальная і/ці актуальная;

— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Усе дасланыя прапановы будуць разгледжаныя экспертнай камісіяй кампаніі «Будзьма беларусамі!» і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

Для адабраных ідэяў кампанія «Будзьма беларусамі!» дапаможа знайсці партнёраў, каб ідэі былі рэалізаваныя.

Таксама мы гатовыя для вас:

— даць магчымасць для прасоўвання ідэі і асвятлення яе рэалізацыі на інтэрнэт-партале www.budzma.by;

— спрыяць асвятленню праекта ў іншых сродках масавай інфармацыі;

— прадставіць вартыя ўвагі, але не адабраныя камісіяй праекты для далейшага ўдзелу на «Кірмашы праектаў» дзеля пашырэння кола аднадумцаў;

Што важна: сябры камісіі будуць ацэньваць якасць праектнай ідэі, яе грамадскую значнасць, адпаведнасць мэтавай аўдыторыі, адпаведнасць пераліку дзейнасці і неабходных для рэалізацыі сродкаў.

Падтрыманыя ідэі мусяць быць рэалізаваныя ў любы час у перыяд з 01.02.2017 г. па 31.01.2018 г.

Прыём ідэяў: да 20 студзеня 2017 г. уключна праз скрыню razam@budzma.org з пазнакай «На конкурс ідэй».

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 30 студзеня 2017 г. на сайце budzma.by.

Маеце пытанні?

Пішыце на вышэйпаказаную скрыню.