У сярэдзіне снежня два хлопцы з Гродна адправіліся ў Барселону каб апрабаваць сусветнавядомыя месцы для скейтбордынгу. Паездка атрымалася займальнай і па вяртанні яны выпусцілі відэасправаздачу.

Аўтар роліка Улад Парай распавёў Hrodna.life, што мэта пакатацца ў Барселоне была ў яго і ягонага сябра Аляксея Борыса даўно.

“Барселона – мекка скейтбордынгу для ўсёй сусветнай супольнасці. Легендарныя месцы для катання, на якія прыязджаюць людзі з усяго свету ў любы час года, бо надвор’е дазваляе катацца цэлы год”.

У Гродне скейтары катаюцца пераважна ля Драмтэатра або каля OldCity – у скейт-парку.

“Каб развіваць культуру скейтбордынгу ў Гродне, трэба пабудаваць талковы скейт-парк, нават па праекце мінскага, які збудавалі ў канцы мінулага лета. Я ўжо не буду казаць пра бетонныя паркі, якіх толькі ў суседнім Беластоку налічваецца тры. Нашаму гораду ёсць куды імкнуцца”, – дадаў Улад.