У Доме сясцёр назарэтанак у Гродне 20 снежня прайшла традыцыйная акцыя для бяздомных, арганізаваная дабрачыннай арганізацыяй «Карытас». Каля 80 гродзенскіх бяздомных атрымалі «цёплую дапамогу» і пабывалі на святочным абедзе.
Дабрачынная акцыя не выпадкова супала з міжнародным Днём салідарнасьці людзей. Павіншаваць бяздомных з надыходзячым святам прыйшлі біскуп гродзенскай епархіі Юзаф Станеўскі і дырэктар «Карытас-Гродна» ксёндз Раман Рачкоў.
Пачастункі на святочны стол і «цёплыя» падарункі валанцёры «Карытас» сабралі ўласнымі сіламі ў супермаркетах горада і з дапамогай аб’яў у сацыяльных сетках.
«Цёплая дапамога» — шалікі, шапкі, пальчаткі, нам прыносілі пасля аб’яў у сацыяльных сетках. А салодкае на сталы для бяздомных, мы сабралі ў рамках акцыі ў «Алмі». Мы падрыхтавалі падарункаў больш чым для сотні чалавек, а прыйшло каля 80 бяздомных.
Часцей за ўсё мы проста праходзім міма бяздомных на вуліцах горада і імкнемся іх не заўважаць, яны як прывіды. Але такія акцыі дапамагаюць нам задумацца, што гэтым людзям патрэбна наша дапамога. Мы можам дапамагчы гэтым людзям, бо напэўна, яны хацелі б вярнуцца да нармальнага жыцця, — распавяла прадстаўнік «Карытаса» Ганна Высоцкая.