Ужо восьмы навагодні прабег Дзядоў Марозаў cа Снягуркамi прайшоў у Гродне 17 снежня. У ім прынялі ўдзел 107 аматараў зімовага бегу. Колькасць удзельнікаў у параўнанні з мінулым годам зменшылася, а вось медалі сталі прыгажэйшымі ды палепшылася іх якасць.
Гэтым разам у Гродна прыехалі прадстаўнікі розных гарадоў Беларусі, у тым ліку госці з Польшчы і Расіі.
«Наш навагодні забег ужо стаў добрай традыцыяй. Ужо восьмы раз мы сустракаемся ў снежні на стадыёне» Нёман". Удзел у забегу прынялі не толькi аматары бегу, але і звычайныя гродзенцы i прадстаўнікі іншых відаў спорту", — расказаў старшыня ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык.
Самай хутка у забегу Дзядоў Марозаў і Снягурак на 400 метраў стала прадстаўніца Ліды Валянціна Чымбар.
У чатырохкіламетровай навагодняй дыстанцыі па тэрыторыі спарткомплексу ва ўпартай барацьбе перамога дасталася гродзенскаму спартоўцу Арцёму Логiшу.
Дарэчы, самы малады ўдзельнік навагодняга прабегу меў 8 гадоў, а самому старэйшаму было 78.