У інтэрнэце з’явілася відэа, дзе гродзенец Максім Гармаш распавядае, як у лесе каля Нёмана, недалёка ад Грандзіч, сустрэўся са статкам дзікоў. Ён выратаваўся з дапамогай яркага ліхтарыка.

Да відэа ён зрабіў такі подпіс:

«Вось што адбываецца, калі сотні людзей пакідаюць на прыродзе горы харчовага смецця і аб’едкі ў месцах адпачынку. Прызвычаілі дзікіх звяроў і цяпер гэтыя звяры нападаюць на людзей. У Грандзіцкі лес статак прыйшоў 3 снежня 2016 года. Напад адбыўся ў сераду, 7 снежня. Раней зімой тут кожны год праходзілі статкi дзiкоў. Прама па сцежцы адпачываючых, якая ідзе ўздоўж Нёмана. Але звяры сыходзілі на палігон Рускае поле ў Гожы. Зараз, пакуль што, статак застаўся ў межах Гродна. Кухарцы з санаторыя і рабочым з ачышчальных збудаванняў не пазайздросціш».

Паляўнічы: «Гэта фантастыка»

Гродзенскі паляўнічы Ігар Сакалоўскі распавёў hrodna.life, што, мяркуючы па відэа і фатаграфіях, мужчына мог натрапіць на след статка дзiкоў ад 7−15 асобін.

«Звычайная сітуацыя для паводзін дзіка ў лясным масіве. Жывёлы проста шукалі корм. На тэрыторыю горада яны заходзяць ноччу.

Тое што мужчыну ўзялі ў кола — гэта фантастыка. Плюс тое, што ліхтарыкам ён іх адпужваў. Такія паводзіны не адпавядаюць у рэальнасці дзіку. Ён адчуўшы чалавека за 70−100 метраў хаваецца.

Калі напад усё ж быў, то тады там была мамка з паласацікамі. Але ў асноўным такiя паходы адбываецца ў лютым-сакавіку".

Што рабіць, калі сустрэў дзіка?

Iгар распавядае, што апошнім часам не было зафіксавана нападаў дзікоў на людзей у лесе. Жывёлы, пачуўшы шолах, хутчэй уцякуць, пакуль чалавек падумае што рабіць. Таму трэба быць спакойным і праходзіць міма. У скрайнім выпадку залазіць на дрэва.

Апошнім часам дзікоў на Гродзеншчыны становіцца ўсё менш. З-за афрыканскай чумы іх усё яшчэ адстрэльваюць. Але варта адзначыць, што афіцыйна няма пацверджанняў заражэння АЧС на Гродзеншчыне. Жывёлы водзяцца бліжэй да мяжы з Літвой і Польшчай — у тых месцах, дзе забаронена страляць.