Ужо год фонд «Гроднааблмаёмасць» спрабуе прадаць басейн «Лазурный», які афіцыйна не працуе з 2013 года. Сёлета цана спартыўнага аб’екта, які перайшоў ад «Белкарда» да «Аквацэнтра», была зніжана на 80% і цяпер складае 384 тысячы рублёў.

Басейн дастаткова стары — яго пабудаваў завод карданных валаў у 1973 годзе для сваіх работнікаў. Першы крыты басейн горада стаў улюбёным месцам гродзенцаў і аж да закрыцця карыстаўся вялікім попытам.

2

Закрылі басейн па прадпісанні санстанцыі, выдадзеным яшчэ ў 2010 годзе. Рамонт патрабаваў вялікіх выдаткаў, на якія ў завода карданных валаў не было грошай. У выніку басейн зачынілі, а праз пару гадоў выставілі на аўкцыён. У канцы лістапада 2016 года цану знізілі аж да 80% i зараз складае 384 тысячы рублёў.

Зараз басейн у вельмi занядбаным стане, туды пры жаданні, праз разбітыя вокны, можа трапіць кожны, хоць дзверы ўсе і забітыя.

Людзі, якія працавалі ў «Лазурным» да закрыцця, лічаць, што басейн выгадней знесці і пабудаваць цалкам новы. Маўляў, трубы і тэхніка там ужо вельмі даўно патрабавалi замены.

Новаму ўладальніку, які купіць будынак, трэба будзе выканаць капітальны рамонт на плошчы каля 2000 квадратных метраў.

Даведка

У Гродне па стане на канец 2016 года знаходзіцца 10 стандартных басейнаў (у Кастрычніцкім раёне — 7, у Ленінскім — 3) і 23 мiнiбасейна (3 і 20 адпаведна па раёнах). На тэрыторыі Ленінскага раёна ёсць яшчэ адзiн нестандартны басейн.


Некаторыя фота басейна «Лазурный» прадстаўлены групай «Закінутыя дамы горада Гродна».