Пасля крыўднага паражэння ў Гомелі, хакеісты “Нёмана” адправіліся ў Жлобін. Там 3 снежня чырвона-чорныя здолелі рэабілітавацца перад сваімі заўзятарамі і абыгралі мясцовы “Металург” з лікам 6:2.
У складзе гродзенцаў дубль аформіў Аляксандр Маляўка, таксама па шайбе на свой рахунак запісалі Рэмезаў, Стэфановіч, Кліменка і Лакканен.
У “Металурга” шайбы закінулі Анікін і Самохін
“Металург” – “Нёман” 2:6 (1:2, 0:3, 1:1)
галы:
10.16 0:1 – Стэфановіч (Дарафееў, Рэмезаў)
17.06 0:2 – Рэмезаў (Дарафееў, Брыкун)
17.51 1:2 – Анікін (Чарноў, Шарамецьеў)
23.27 1:3 – Лакканен (Шырокаў, Кіслы)
24.06 1:4 – А.Маляўка (Баярчук, С.Маляўка)
32.00 1:5 – Кліменка (Стэфановіч, Лісічкін, – бол.)
48:03 2:5 – Самохін (Масленікаў, Пухлоўскi)
52:19 2:6 – А.Маляўка (Лакканен, Казнадзей)
Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў пасля перамогі над “Металургам” быў рады таму, што яго камандзе своечасова ўдалося перабудавацца пасля няўдалага пачатку матча.
“Па-першае, хацеў бы падзякаваць нашым заўзятарам, якія прыехалі ў Жлобін. Яны дапамаглі нам сёння дамагчыся перамогі. Іх не хапіла нам у Гомелі, не хапіла нашага шостага на лёдзе.
А па гульні хацеў сказаць, што перад сустрэчай праводзілі сход, сказалі хлопцам, што дрэнна пачынаем матчы. Аддаём ініцыятыву ў першым перыядзе па незразумелых прычынах. У Гомелі гэта прывяло да выдалення, тут гаспадары сваёй актыўнай гульнёй таксама прымусілі нас гуляць у абароне. Добра, што ўдаецца перабудавацца і перахапіць ініцыятыву. Задаволены, што паправілі тое, што не атрымлівалася ў пачатку сустрэчы, і дамагліся перамогі”.
Зараз гродзенцы ідуць у турнірнай табліцы на другім месцы і маюць у сваім актыве 57 ачкоў. На першым жа месцы ідзе мінскае “Юнацтва”, у якога на 2 ачкі больш.
“Нёман” правядзе свой наступны матч ў чацвер, 8 снежня. У Гродне чырвона-чорныя будуць прымаць “Дынама-Маладзечна”