У сувязі з увядзеннем новых правіл пенсійнага забеспячэння ўтварылася «пастка страхавога стажу», з-за якой вы можаце не атрымаць працоўную пенсію. Пад пагрозай знаходзяцца людзі, якія даглядаюць інвалідаў 1-й групы, супрацоўнікі органаў унутраных справаў і МНС, мамы ў дэкрэце і іншыя групы.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт спрабуе патлумачыць праблему максімальна зразумела, каб кожны чалавек мог ацаніць уласны стан і пры неабходнасці скарэктаваць свае эканамічныя паводзіны. У першую чаргу трэба праверыць, ці не сталі вы болей уразлівымі пасля ўвядзення новых правіл страхавога стажу. Акрамя таго, наша парада — праверце, ці сплочвае за вас наймальнік узносы, звярнуўшыся ў тэрытарыяльныя органы ФСАН.

bhc-pensii_illustration-violet_v2

Пастка страхавога стажу ўзнікае наступным чынам. Для таго, каб атрымліваць працоўную пенсію па ўзросце чалавеку неабходна сплочваць узносы ў фонд сацыяльнай аховы насельніцтва. Гэта робіць сам чалавек ці яго працадаўца. Перыяд, калі чалавек сплочвае ўзносы, называецца страхавым стажам. І яго нельга блытаць з агульным працоўным стажам, у які ўключаецца час і іншай актыўнасці: вучоба, служба ў войску і г. д.

Выключэнняў на пераходны перыяд няма

За кароткі прамежак часу (крыху болей чым 2 гады) тэрмін страхавога стажу, які трэба мець, каб атрымаць пенсію, ўзрос з 5 да 15,5 год. Ён працягвае расці і да 2025 года мусіць скласці не меней за 20 год. Акрамя таго, павялічаны пенсійны ўзрост і ўзрост для атрымання сацыяльнай пенсіі.

Пры гэтым не прадугледжана ніякіх выключэнняў ці пераходных перыядаў для людзей, якія ў перыяд новаўвядзенняў дасягаюць пенсійнага ўзросту, маюць дастатковую колькасць страхавога стажу згодна са старымі правіламі (не меней за 5 год), але не дацягваюць да страхавога стажу, усталяванага новымі ўказамі. Гэтыя людзі не могуць атрымаць ні пенсію па ўзросце на агульных абаснаваннях, ні сацыяльную пенсію. Па закону, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яны не маюць нават права на атрыманне дапамогі па беспрацоўю! Па ацэнках Мінтруда ў 2015 годзе людзей, якія трапілі ў такую складаную сітуацыю, было каля 1000 чалавек.

Прыняцце ўказаў прывяло да сітуацыі, калі права на пенсію згубілі тыя, хто гадамі здзяйсняў грамадска значную дзейнасць, якая не залічваецца ў страхавы стаж. Напрыклад, гутарка ідзе пра людзей, якія даглядаюць інвалідаў 1-й групы. Дзяржава робіць ім запіс у працоўную кніжку і плаціць грошы, але не залічвае іх працу ў страхавы стаж.

Новыя правілы прыводзяць да няроўнасці адносна вайскоўцаў, супрацоўнікаў МНС, правоахоўных органаў і прыроўненых да іх асобаў. Пакуль гэтыя людзі нясуць службу, дзяржава як наймальнік не плаціць за іх страхавыя ўзносы. Калі яны будуць звольненыя да дасягнення тэрміну выслугі гадоў (а гэта 20 год), пенсію ім будуць налічваць на агульных асновах. Гэта значыць, што, напрыклад, прынцыповы супрацоўнік міліцыі, звольнены пасля 19 год добрай службы, будзе вымушаны працаўладкавацца і паспець адпрацаваць страхавы стаж не меней за 15 з паловай гадоў на сёння.

Прыклады такіх чалавечых гісторый расказвае часопіс «Имена».

Таксама БХК звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў з просьбай прыняць меры для пераадолення пасткі страхавога стажу, якая ўзнікла ў сувязі са з’яўленнем новых правіл пенсійнага забеспячэння. Праваабаронцы просяць распрацаваць і ўнесці ў законы змены і дапаўненні, якія забяспечаць канстытуцыйнае права на атрыманне працоўнай пенсіі па ўзросце на агульных падставах, у тым ліку:

а) асобам, якія здзяйсняюць дагляд за інвалідамі 1-й групы, састарэлымі (80 год і болей), якія па медыцынскім паказнікам патрабуюць пастаяннага дагляду;

б) маці, якія выгадавалі двух і болей дзяцей, (за выключэннем шматдзетных маці, якія маюць 5 і болей дзяцей, якія па існуючаму заканадаўству ўжо маюць льготы па страхавому стажу);

в) асобам, якія раней знаходзіліся на службе ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь, у органах унутраных спраў і іншым, прыроўненым да іх асобам, якія спынілі службу да вызначанага заканадаўствам часу выхаду на пенсію па выслузе гадоў, ці пенсію па інваліднасці (хваробе).