Паездка ў Чарнагорыю на два тыдні, на карнавал у Кракаў, у Прагу, а таксама ў оперу ў Беласток і Санкт-Пецярбург – гэта і іншае “Радыё Гродна” разыграе сярод сваіх слухачоў 1 снежня, у дзень свайго сямнаццацігоддзя.
У Дзень нараджэння прынята дарыць падарункі імянінніку, а ў выпадку з «Радыё Гродна» ўсё наадварот. Імяніннік будзе адорваць сваіх сяброў – радыёслухачоў. Розыгрыш прызоў пачнецца з 7.00 і завершыцца ў 20.00.
Радыёвядучы Дзмітрый Чэкан распавёў hrodna.life, што падарункаў хопіць усім.
“Напэўна, за 17 гадоў яшчэ такога не было. Разыграем мноства прызоў. Самымі важнымі і цікавымі падарункамі будуць падарожжы. Мы стартуем у 7 раніцы з праекта “Утро с Фаберже”. Разыграем галоўны прыз – паездку ў Чарнагорыю. А далей нашы калегі да вечара будуць разыгрываць iншыя каштоўныя прызы”.
Сярод прызоў – месячныя абанементы ў трэнажорныя залы, сертыфікаты ў піцэрыю, абанемент на паўгода ў клуб “База”, квіткі на канцэрт гурта «Акіян Эльзы» ды іншае.