Італьянскі парк у Міры і самы стары дуб у Гародні: размова з Ігарам Лапехам пра старадаўнія фальварычныя паркі і дрэвы

Гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха ужо дзесяць гадоў фіксуе усе старыя дрэвы і паркі Гародні. Гісторык прызнаецца, што фактычна занатаваў ўсе даваенныя пасадкі ў горадзе і ваколіцах. Раз на два гады ён спраўджвае стан дрэваў і фіксуе, што ўжо знішчана. Апошнія некалькі гадоў Ігар з сумам канстатуе, што ўсё больш старых каштоўных пасадак застаецца толькі на паперы — зялёныя насаджэнні па незразумелых прычынах пачалі татальна вынішчаць. Гродзенскаму Зялёнаму парталу краязнаўца распавёў пра старыя дваравыя паркі, векавыя дрэвы, свавольства чыноўнікаў і беларускі погляд на добраўпарадкаванне. Дарэчы, ці ведаеце вы, дзе расце самае старое дрэва ў Гародні?

«Насаджэнні засталіся толькі ў глушы, куды не дайшлі рукі»

За апошнія 10 гадоў знішчэнні зялёных насаджэнняў проста каласальныя, асабліва ў дзвюх катэгорыях. Па-першае, гэта могілкавыя прысады. Могілкі на Беларусі былі заўсёды зялёнымі, на старых дрэвах крычалі гракі і крумкачы — ва ўсім гэтым быў нейкі рамантычны дух старасвецкасці, могілкі гэтым прываблівалі. Але ў нас параноя: дрэвы валяцца, выварочваюць магілы, у выніку камунальшчыкі ўсе дрэвы на могілках панішчылі. Таму шмат турыстаў у Львове, бо львоўскія могілкі сапраўды выглядаюць, як старажытны парк. Але вы не ўбачыце турыстаў на старых гарадзенскіх могілках, нягледзячы на тое, што там ёсць магілы вядомых людзей. Каму гэта прыйшло ў галаву, я не ведаю, але гэта дзікасць поўная. І гэта характэрна ўсёй вобласці.

Старыя Фарныя могілкі спачатку пазбавіліся аўтэнтычнага бруку, а крыху пазней падчас кампаніі змагання з дрэвамі найстарэйшы гарадзенскі некропаль аблысеў як і большасць могілак па ўсёй Беларусі. Здымак 2006 г.

Парафіяльныя могілкі ў Селіванаўцах. Але зараз і тут гола — ні дрэва, ні кустоўя

Да таго ж змянілася экасістэма. Раней увесну ўсе могілкі былі пакрытыя першацветамі. Зараз такога няма.

Яшчэ дзесяць гадоў таму штовесну на Фарных могілках вока цешылі пралескі

Другая катэгорыя, якая амаль страчаная — прыдарожныя прысады. Насаджэнні ўплываюць не толькі на дарогі, якія без санітарных палос даводзіцца часцей рамантаваць з-за заносаў і эрозій. Без прыдарожных прысадаў пакутуюць і палі. Яны павінны мець пэўны мікраклімат і абараняцца ад цяжкіх металаў з выхлапных газаў. Ці гэта свавольства мясцовых калгасаў у абыход прыродаахоўных інспекцый? Але прыдарожныя палосы не належаць калгасам. Яны належаць дарожным службам, якія эксплуатуюць гэтыя дарогі. У любым выпадку, мы маем татальнае знішчэнне палос па ўсёй Гарадзенскай вобласці. Дрэвы засталіся толькі ля закінутых дарог, куды не дайшла «дбайная» рука «гаспадароў».

А вось катэгорыя фальварачных, дваровых прысадаў яшчэ захавалася. І як ні дзіўна, захавалася шмат. Яны нідзе не фігуруюць — ні ў якіх працах мастацтвазнаўцаў, якія апісвалі паркі. Бо збольшага апісваліся вялікія паркі. А вось так званыя эканамічныя паркі — не. То бок быў сад, а вакол яго рабілася каробка з ліп, каб раіліся пчолы, каб вецер не шкодзіў садовыя дрэвы, каб у садзе ўзнікаў пэўны парніковы эфект. Гэтыя ні кім не апісаныя паркі захаваліся па розных прычынах. Часта ў мясцовых чыноўнікаў не даходзілі рукі, часам у такіх парках рабілі рэкрэацыйныя аддушыны населенага пункта.

Але тэндэнцыя прыходзіць і ў гэтую сферу. Як у нас разумеецца добраўпарадкаванне? Выпілоўванне дрэваў, якія валяцца на машыны і на людзей. Вось і ўсё ўпарадкаванне. Таму мы рызыкуем страціць і гэтыя рэшты старых паркаў.

400-гадовы дуб у францішканскім кляштары да помнікаў не аднеслі

Ахова зялёных насаджэнняў можа рабіцца трыма спосабамі. Першы спосаб — абараняць зялёныя насаджэнні ў населеным пункце ад свавольства чыноўнікаў. На шчасце, у нас прынята шматузроўневая працэдура прыняцця рашэння па знішчэнні зялёных насаджэнняў ў населеным пункце. Вельмі часта ініцыятары гэтага знішчэння не праходзяць усёй гэтай працэдуры. Таму мясцовыя актывісты павінны мець пэўную смеласць размаўляць пра свае правы з мясцовымі уладамі і мець пэўныя веды ў галіне заканадаўства. Трэба шукаць такіх людзей і адукоўваць. Яны маглі б уратаваць насаджэнні ў сваёй мясцовасці. Або калі не ўратаваць, то атрымаць новыя насаджэнні — кампенсатарскія пасадкі замест знішчаных, што прадугледжана нашым заканадаўствам.

Другі варыянт — унясенне старых дрэваў ці паркаў у спіс помнікаў прыроды. На маю думку, гэта не лепшы варыянт, бо сапраўды помнікамі прыроды называюць нейкія ўнікальныя біяцэнозы, тут набірае моц біялагічны фактар. Аснова ж нашых паркаў 19−20 стст. — ліпы і дубы. А паркі 18 ст. фактычна ўсе страчаныя. Аднак можна пашукаць штосьці рэдкае, каб унесці ў спіс помнікаў прыроды.

На сёння самае старое дрэва ў Гародні — дуб на тэрыторыі францішканскага кляштара. Як вызначаецца, што ён самы стары? Ён самы тоўсты, хоць ніхто не вывучаў гэтае дрэва. Узрост дуба без нейкіх пісьмовых успамінаў у гістарычных крыніцах цяжка вызначыць, бо ён вырастае да нейкага перыяда, а пасля фактычна не расце. Таму вызначыць, яму 400 або 600 гадоў, вельмі цяжка. Толькі ўявіце сабе: францішканскаму дубу 400 ці нават 600 гадоў, але ён не з’яўляецца помнікам прыроды…

Францішканскі дуб магчыма бачыў самога Адэльгаўзэра — аўтара малюнка для знакамітай гравюры Цюндта

У Гародні помнікам прыроды мясцовага значэння з’яўляецца толькі Румлёўскі лесапарк. Гэты лес сапраўды ўнікальны біяцэноз, дубрава, дзе растуць 200-гадовыя дубы з грабавым падлескам.

Адзін з дубоў ля царквы Усіх Беларускіх Святых — рэштка алеі пры Румлёўскім лясным парку

«З гарадзенскіх паркаў толькі 20% унесена ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны»

Трэці шлях аховы паркаў з пэўнай ландшафтнай, мастацкай задумай — унясенне іх у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Толькі 23 паркі Гарадзенскай вобласці ўваходзіць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. І толькі тыя, якія захаваліся з будынкамі. То бок гэта ў асноўным сядзібы з паркамі. У Гародні гэта Панямунь, а больш нічога.

Наднёманскія яры пры былой каралеўскай сядзібе Панямунь

У Гарадзенскім раёне ў спісе гісторыка-культурнай спадчыны фігуруе толькі парк у Свяцку. Хаця зараз наўскідку магу назваць паркі, вартыя гэтага спісу: паркі ў Радзівілках, у Белых балотах, у Скідзелі, парк у Кашубінцах. Прычым парк у Кашубінцах нават больш варты ўнясення ў спіс, чым парк у Свяцку. Гэта я назваў толькі тыя паркі, якія мне прыйшлі ў галаву адразу, не праглядаючы ніякіх уласных запісаў.

Прысядзібная алея ў Кашубінцах. І сам палацык побач пакуль яшчэ стаіць. Але пры іншых колішніх радавых гнёздах — гэта ледзь не адзіны велічны напамін пра іх

Шыльда пры ўваходзе ў парк Чацвярцінскіх — цяпер проста Скідзельскі гарадскі парк

Сядзіба Тукайлаў у Белых Балотах, далей за рачулкай Бяліцай рэшткі парка — шыльда справа ад палацыка нагадвае аб гэтым

То бок спіс гісторыка-культурнай спадчыны абсалютна няпоўны. На маю думку, з гарадзенскіх паркаў толькі 20% унесена ў гэты спіс. Працэсам папаўнення спісу трэба займацца далей, у тым ліку ўнясення паркаў. Бо часта бывае, што сядзіба, палац знішчаны, а парк застаецца. Але ў нас гэтым зараз фактычна ніхто не займаецца.

Станіславоўская алея ці вуліца

Чым цікавы парк як гісторыка-культурная спадчына? Гэта жывы арганізм. Таму тут патрэбна дваякае захаванне. Па-першае, захаванне першаснага праекта парка, і любыя работы па добраўпарадкаванні гэтай тэрыторыі павінны ўлічваць той пачатковы праект. У тым і ўнікальнасць паркаў — іх можна аднавіць у адрозненне ад архітэктурнага аб’екта. Муляж старога будынка ўжо не будзе помнікам архітэктуры, а калі мы адновім парк, ён застанецца гістарычнай каштоўнасцю, нягледзячы на тое, што насаджэнні будуць новымі. Але і старыя насаджэнні трэба адстойваць, бо гэта зусім іншае ўспрыняцце стагоддзяў, зусім іншы рэкрэацыйны патэнцыял такіх паркаў.

«У Свяцку зрабілі калгасны ставок»

Унясенне ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны не заўсёды абараняе парк. Яркі прыклад — Панямунь. Побач з ім размешчаныя гаражы, дачы. Ад вільготнага смецця, якое скідваюць дачнікі і якое там гніе, пачалі татальна засыхаць старыя ліпы, бо парушыўся гідралагічны рэжым. Я туды вазіў інспектара прыродааховы. Але сітуацыя не змяняецца. Парк у Панямуні паступова прыходзіць у заняпад. Чаму так адбываецца, хоць парк мае ахоўны статус? Я не ведаю. Гэта пытанне да дзяржавы, якая не выконвае свае абавязкі. У Еўропе зусім іншая практыка: там намагаюцца зрабіць усё, каб захаваць старое дрэва, выкарыстаць усе магчымыя інструменты, абы толькі яго захаваць.

Узгадаем яшчэ Свяцк. Рэстаўрацыяй парка пакуль не займаліся, толькі пачысцілі сажалкі. Гэта зноў жа парушыла гідралагічны рэжым, і насаджэнні парка сталі гінуць. Фактычна ў Свяцку зрабілі меліярацыйныя работы. А трэба вельмі беражліва і прадумана рабіць рэстаўрацыю. У выніку, калі паглядзець на ніжняе возера, то атрымаўся калгасны ставок.

Палац XVIII ст. у Свяцку. За палацам пейзажны парк

Яркім прыкладам з’яўляецца парк Жылібера, рэканструяваны ў 2008 годзе абсалютна без уліку дрэваў. Можаце сабе ўявіць, што парк рэканструяваўся не як парк, а як голая тэрыторыя? Таму ў нашым парку па цэнтры тратуарнай дарожкі раслі, а зараз ужо засохлі каштаны, бо іх ўзялі ў бетонныя ціскі.

Швейцарская даліна ўсё больш лысее. Непрадуманасць дзеянняў прыводзіць да знакамітай показкі - хацелі як лепей, а выйшла як заўсёды…

Засыхаў Ажэшкаўскі каштан, які зусім нядаўна спілавалі. Хаця я падымаў праблему, у мяне ёсць выканкамаўскія адпіскі. Адзінае, што ў Гародні заставалася ад Элізы Ажэшкі — гэта каштан часоў, калі яна жыла ў Гародні.

Каштан пані Элізы яшчэ нядаўна быў тут адзіным арыгінальным аб’ектам з часоў славутай пісаркі. Даведзены да адчайнага стану, некалькі дзён таму быў спілаваны з прычыны «абы чаго ня выйшла»

«Ёсць верагоднасць, што ўбачым італьянскі парк 16 ст.»

Пакуль назваць прыклад беражлівага стаўлення да паркавай спадчыны я не магу. Узгадваецца адзін цікавы праект, але яго пакуль не ажыццявілі. Плануецца аднавіць парк Мірскага замка 16 ст. — самага старога ў Гарадзенскай вобласці. Гэта мусіць быць італьянскі сад з зёлкавымі раслінамі, ліпавымі прысадамі. Там захаваліся адзінкавыя ліпы, якім па 400 год. Можа, мы і ўбачым у першасным выглядзе парк 16 ст.

Адкрытыя інтэрнет-крыніцы

Мне цяжка сказаць, чаму ў нас адбываецца татальнае знішчэнне дрэваў, абсалютнае нежаданне захоўваць і аднаўляць усё па-людску. Чаму бедная Літва, ва ўсялякім выпадку, не багацейшая за Беларусь, можа дазволіць сабе добры густ? На нашых землях былі войны, савецкі перыяд, які перарваў шляхетную традыцыю — аб’ектыўна гэта можна зразумець. Але гэта трэба прыняць і ісці далей.

Падбор ілюстрацый з подпісамі Яна Лялевіча

Падзяліцца

Апошнія запісы

Супрацоўнікаў «Гродна Азот» працягваюць судзіць за распаўсюд экстрэмізму

Завадчане працягваюць прыцягвацца па артыкуле 19.11 КаАП. Гэта нягледзячы на неаднаразовыя заклікі перагледзець свае сацыяльныя…

23 снежня 2024

«Самі-ведаеце-хто». Гродзенцаў Георгія Роя і Аліну Коўшык цяпер нельга называць

23 снежня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі акаўнты ў Facebook і візуальны матэрыял гродзенцаў…

23 снежня 2024

Яшчэ адзін папулярны гродзенскі партал прызналі экстрэмісцкім

Сайт і сацсеткі сайта Grodno.in прызналі экстрэмісцкімі. Так вырашыў суд Ленінскага раёна Гродна 20 снежня.…

23 снежня 2024

Новыя суддзі, суд за салідарнасць, 36 «пікетаў». Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Новыя суддзі з'явіліся ў Гродне і вобласці па ўказе Лукашэнкі. Жыхара Навагрудка судзяць за атрыманне…

23 снежня 2024

У цэнтры Гродна прадаюць атмасферную кавярню — у камплекце ідзе кавамашына за $ 18 000

На пляцоўцы «Куфар» з'явілася аб'ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе…

23 снежня 2024

Для былой адміністрацыі на Савецкай шукаюць арандатараў - там прапануюць адкрыць салон прыгажосці

Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…

23 снежня 2024