Бела-чорнае трохмесячнае шчаня пакуль не мае імені, але за тое атрымала адразу дзвюх гаспадынь. Ганка і Воля разам здымаюць кватэру і вырашылі ўзяць да сябе сабаку. Мне пашанцавала першай з сяброў пабачыць малое, калі па дарозе з прытулку дзяўчаты з сабакам завіталі ў госці. На банальнае пытанне пра хлопчыка-дзяўчынку Ганка адказала: “Гэта дзевачка. У нас будзе феміністычная камуна”.

Абедзьве сяброўкі мелі раней хатніх жывёлаў і маюць досвед у іх доглядзе. Але пераехаўшы ў Гродна, пакінулі сваіх пітомцаў дома. “Я хацела забраць свайго сабаку Байку, але мама не аддала, кажа: хто будзе гуляць з бабуляй?” – кажа Вольга. “Калі я прынесла дадому котку, то спачатку бацькі былі супраць, а зараз не могуць з ёй растацца”, – дзеліцца Ганка.

Дзяўчаты вырашылі, што ў іх гродзенскім жыцці таксама ёсць месца для чатырохлапага сябра і звярнуліся ў прытулак “Адданае сэрца”, каб забраць аднаго з сабак сабе. Бо “сабака – гэта цяпло і любоў”.
Малое вельмі слушна паводзіла сябе ў гасцях. Асаблівую цікавасць шчанюка выклікаў уласны адбітак у люстэрку. Але ж у гасцях добра, а дома лепей. Асабліва, калі гэты дом нарэшце з’явіўся.

Калі ў вас таксама ёсць патрэба ў чатырохлапым сябры, можна ўзяць сабаку ці котку з прытулка, ці з пункта часовага ўтрымання безнадзорных жывёлаў.
“Калі вы не рашаецеся пакуль узяць сабаку назусім, то вазьміце яго на ператрымку. Такім чынам можна праверыць свае здольнасці да ўтрымання жывёл і даць зразумець дзецям, што такое адказнасць”, – пішуць валанцёры.
Зараз у пункце часовага ўтрымання жывёлаў САГ знаходзіцца каля 70 сабак.


