Жоўта-зялёным не ўдалося на мажорнай ноце завяршыць сезон. У Гродне каманда Ігара Кавалевіча ў апошнім туры мінімальна саступіла наваполацкаму «Нафтану».

Першы тайм прайшоў практычна без удараў па варотах. Самы небяспечны момант першай паловы матчу паўстаў на 32 хвіліне, калі пасля вуглавога першым на дабіванне аказаўся гулец «Нафтана». Але Курганскі здолеў парыраваць сур’ёзны ўдар суперніка.

У другім тайме гульня трохі змянілася, але большую частку праходзіла ў цэнтры поля. Адзіны небяспечны момант госці стварылі на 87 хвіліне матчу, які і завяршыўся ўзяццем варот. Гол на свой рахунак запісаў Барысаў, які першым апынуўся на дабіванне пасля штрафнога ўдару.

«Нёман»: «Нафтан» 0−1

Перамога «Нафтана» над «Нёманам» дазволіла наваполацкай камандзе абагнаць гродзенцаў у турнірнай табліцы і заняць 13-е месца. «Нёман» жа заняў выніковае 14-е месца, што з’яўляецца найгоршым вынікам каманды за ўсе сезоны выступлення ў чэмпіянатах Беларусі.
4
У цэлым сезон у гродзенцаў атрымаўся складаным. На старце чэмпіянату (4-ы тур) у каманды змянілася кіраўніцтва. Замест Саладоўнікава часова каманду ўзначаліў Кірэня, а пасля ў клуб прыйшоў Кавалевіч. Спецыялісту спатрэбіўся час, каб наладзіць абстаноўку ў «Нёмане». І варта адзначыць, што яму гэта ўдалося, хоць і не адразу. У другім крузе чэмпіянату жоўта-зялёныя паказвалі зусім іншы футбол, чым у першым. Але і там праблем хапала. Галоўнае, што каманда Ігара Кавалевіча справілася з пастаўленай задачай на сезон i захавала прапіску ў Вышэйшай лізе.

Зусім нядаўна заўзятары «Нёмана» накіравалі ліст старшыне аблвыканкама Уладзіміру Краўцову, каб той пакінуў Кавалевіча ў руля гродзенскай каманды. Заўзятары лічаць, што Кавалевіч абраў правільны курс развіцця каманды, і калі ён застанецца ў руля «Нёмана», у найбліжэйшай будучыні можна разлічваць на добрыя вынікі ў чэмпіянаце.

Ці застанецца Кавалевіч ў Гродне, пакуль яшчэ не вядома.