Беларуская і польская чыгункі разглядаюць пытанне аб дадатковым цягніку, які б курсіраваў з Гродна ў Варшаву. Вядома, што абодва бакі зацікаўлены ў дадзеным маршруце.
У пачатку верасня было адноўлена злучэнне Беларусі з польскім бокам, якое чакалі гродзенцы са снежня 2015 года. Замест электрычкі ў Кузніцу быў запушчаны цягнік Гродна-Кракаў.
«Гэты цягнік у нас запатрабаваны. Не было ніводнага дня, каб ён адпраўляўся ў Польшчу пустым, заўсёды былі людзі. У сярэднім цягнік перавозіць каля 100 чалавек у дзень. Яшчэ адзін такі маршрут нам не патрэбны. Але мы б хацелі асобны цягнік да Варшавы, пра гэта нядаўна казаў і польскі консул», — распавядае начальнік чыгуначнага вакзала i станцыi «Гродна» Аляксандр Сакалоўскі.
Цягнік, які едзе да Кракава, адпраўляецца з Гродна ў 16.32, а ў сталіцы Польшчы, куды накіроўваюцца многiя беларусы, ён у 20.22. Як аказалася, многім нязручна прыбываць у Варшаву ў такі позні час. Ёсць людзі, якім трэба быць там раніцай, і яны выбіраюць маршрутку ці аўтобус.
«Менавіта таму і разглядаем новы маршрут. Як мы зразумелі, польскі бок зацікаўлены ў тым, каб запусціць яшчэ адзін цягнік. Прыблізна ён бы адыходзіў з гродзенскага вакзала ў 5 раніцы, а ў Варшаве быў бы каля 9», — дадаў Аляксандр Сакалоўскі.
Пытанне аб новым цягніку зараз разглядаюць прадстаўнікі як беларускай, так і польскай чыгункі.