Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання СІМПА абвяшчаюць набор у Школу мэраў.
Арганізоўваць, аб’ядноўваць, кіраваць, каб мець вынік не толькі для сябе. Гэтаму можна навучыцца. Доўгім шляхам — год за годам назапашваючы ўласны досвед. А можна за сціслы тэрмін пры дапамозе добрых спецыялістаў набыць і тэарэтычныя, і практычныя веды, як працаваць, каб стаць сапраўдным кіраўніком, ідэі якога падхопяць людзі. Такія спецыялісты чакаюць вас у Школе мэраў.
Так, у Беларусі зараз няма сапраўдных мэраў. Але ёсць месца для рэалізацыі жадання палепшыць свае гарады і мястэчкі, памкнення ўплываць на фарміраванне мясцовых рашэнняў у інтарэсах тых, дзеля каго павінны гэтыя рашэнні прымацца.
І набыць усе неабходныя навыкі можна ў Школе мэраў, мэта якой — развіццё ведаў і навыкаў грамадскіх актывістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі для эфектыўнага ўдзелу ў фарміраванні і рэалізацыі мясцовай палітыкі ўстойлівага развіцця, міжсектарным дыялогу і ўзаемадзеянні дзеля абароны і прасоўвання грамадскіх інтарэсаў.
І тады, калі мэраў, нарэшце, пачнуць абіраць, пытання «А хто?», не ўзнікне!
Праграма Школы мэраў складаецца з 4 сесій з інтэнсіўнымі тэарэтычнымі і практычнымі заняткамі, а таксама працы над індывідуальнымі і групавымі праектамі цягам 9 месяцаў:
1 сесія (Беларусь, 16−18 снежня 2016 г.) — прынцыпы ўстойлівага развіцця і добрага кіравання, асновы публічнага адміністравання, мясцовае самакіраванне і грамадскія фінансы.
2 сесія (Літва, вясна 2017) — практычны вопыт рэформаў на шляху да рынкавай эканомікі і сучаснага дзяржаўнага кіравання ў краінах Балтыі.
3, 4 сесіі (Беларусь, лета, восень 2017) — навыкі вядзення публічных дыскусій, падрыхтоўкі стратэгічных і юрыдычна значных дакументаў, прасоўвання і абароны грамадскіх інтарэсаў, працы са смі, працы ў камандзе і лідэрства, кіравання праектамі.
Адбор у Школу мэраў будзе праводзіцца шляхам конкурсу па наступных крытэрыях:
- узрост 20−35 год;
- вопыт абароны і прасоўвання грамадскіх інтарэсаў на мясцовым узроўні;
- роля і прызнанне ў мясцовай супольнасці (рэкамендацыі ад лакальных НДА, органаў улады і кіравання, бізнесу);
- матывацыя (як атрыманыя веды будуць выкарыстаны на практыцы).
Удзел у праграме Школы мэраў бясплатны. Працоўныя мовы — беларуская і руская.
Заяўку ў Школу мэраў трэба запоўніць да 25 лістапада на старонцы рэгістрацыі.