Пры падтрымцы польскага консульства і ізраільскага пасольства ў Гродне 20 і 21 лістапада будзе праходзіць міжнародная канферэнцыя «Праведнікі народаў свету», на якой раскажуць пра людзей, якія падчас Другой сусветнай вайны, нягледзячы на вялікую пагрозу, хавалі ў сябе асуджаных на смерць людзей.
«Памяць пра ахвяр Халакосту гэта шлях да талерантнасці. Сёння ў нашай вобласці ў згодзе жыве больш за 80 нацыянальнасцяў. Мерапрыемства, якое будзе праходзіць у Гродне — даніна павагі і памяці тым, хто, рызыкуючы сваім жыццём, ратаваў яўрэяў, перш за ўсё дзяцей. У агні другой сусветнай іх загінула больш за паўтара мільёны», — распавёў заснавальнік музея гісторыі гродзенскіх яўрэяў Бенiамiн Ерузалiм.
Першы дзень мерапрыемства будзе праходзіць у консульстве Польшчы: там адкрыецца выстава і пройдзе паказ фільмаў пра гісторыю выратавання яўрэяў у час вайны. У другі дзень мерапрыемства будзе праходзіць у сценах сінагогі, дзе адбудзецца ўручэнне дыпломаў дзецям, унукам і іншым сваякам праведнікаў, а таксама выступяць гісторыкі.
У музеі ў сінагозе сабраны падрабязныя і эксклюзіўныя матэрыялы пра праведнікаў Гродзеншчыны. Усяго па вобласцi іх каля 50. Агулам у Беларусі званне Праведнік народаў свету атрымалі каля 700 чалавек.
Гэта званне даецца людзям, якія, рызыкуючы сваім жыццём, а часта і жыццём сваіх блізкіх, ратавалі яўрэяў у гады Халакосту. Імёны праведнікаў заносяцца на сцяну пашаны ў Садзе праведнікаў народаў свету на тэрыторыі комплексу Яд Вашэм у Іерусаліме. У гонар кожнага праведніка на Алеі праведнікаў у Яд Вашэм пасаджана дрэва.