Каля дзвюх гадзін ночы, 13 лістапада, загарэліся старыя гаражы па вуліцы Ціміразева. За некалькі хвілін агонь ахапіў вялікую тэрыторыю аб’екта. Тушыць пажар прыехала больш за дзясятак пажарных машын. Полымя было бачна ў розных частках горада.
У выніку пажару знішчаны ўвесь дах і два легкавыя аўтамабілі. З боксаў, якія не загарэліся, ратаўнікі эвакуіравалі яшчэ два аўто і адзін трактар.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання стала невыкананне тэхнікі бяспекі арандатарамі, якія ўначы рамантавалі ў гаражы тэхніку. Такой думкі прытрымліваецца вартаўнік аб’екта.
«Я не паспеў выйсці, як убачыў над гаражамі вялікі выбліск. Праз некалькі хвілін агонь ахапіў драўляны дах гаражоў і пачаўся буйны пажар. У той момант там працавалі арандатары: я бачыў, што яны займаліся зваркай».
МНС разглядае версію парушэння правіл эксплуатацыі цеплагенерыруючых прылад — выкарыстанне абагравальніка на адпрацаваным масле.
Гаражы належаць аграрнаму ўніверсітэту і СПК «Путрышкі». Узгаранне адбылося ў тым месцы, дзе плошчы арандавалі прыватныя асобы.
Згарэўшую пабудову дабудавалі да старых станіславоўскiх стайняў у 1954 годзе. Раней на месцы аб’екта былi майстэрнi, потым склады, у апошні час — гаражы, дзе стаяла сельгастэхніка.